Наверх
Слоним
переменная облачность
0 °C
Зельва
переменная облачность
0 °C
Волковыск
облачно с прояснениями
0 °C
Мосты
облачно с прояснениями
0 °C
Дятлово
облачно с прояснениями
0 °C
Барановичи
небольшая облачность
0 °C
EUR 3.0794
USD 2.5817
RUB(100) 3.4056
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Лістапад — месяц цішыні і смутку

8 ноября 2020 11:00
Поделиться:
Асенняя дарога дамоў

Асенняя дарога дамоў

Сёлета восень не перастае цешыць нас цёплымі днямі. Лістапад — вяршыня восеньскага цыклу, папярэднік зімовага часу — падарыў кожнаму з нас магчымасць зноў адчуць дыханне цеплыні і папесціцца ў сонных прамянях сонца.

Але надвор`е перад зімовым супакоем непрадказальнае. Таму невыпадкова адзінаццаты месяц гадавога круга спалучаў найменні, якія адносяцца як да восені, так і да зімы. Да першых можна аднесці такія назвы, як «лісцевы», «лісцявей» (асацыюецца з тым, як вецер развявае, мяце па паветры ападаючую лістоту, а пасля, нацешыўшыся гэтай гульнёй, нядбайна кідае іх пад ногі чалавека), лістагноем (з апаўшым лісцем), лістападнік (час, калі нашы продкі назіралі чароўны апад лістоты). Апошняе найменне захавалася ў беларускай, чэшскай, славацкай мовах. У Літве адзінаццаты месяц называюць «lapkritis» (ад «lapas» — «ліст» і «kritis» — «падаць») — гэта назва таксама прывязана да працэсу лістапада.

Надвор`е ў гэтым месяцы звычайна досыць няўстойліва-студзёнае. Цяжкія, свінцовыя хмары закрываюць сабой гарызонт, дзьме пранізлівы вецер, зрываецца дождж. Дзень і без таго нядоўгі (у лістападзе яго працягласць скарачаецца яшчэ больш чым на паўтары гадзіны і складае толькі сем гадзін пяцьдзясят хвілін) ад непагадзі здаецца яшчэ карацейшым. Акрамя гэтага, ночы, пазбаўленыя з-за хмар зорнага ззяння, да з`яўлення снежнага покрыва самыя цёмныя. «Прыцемкам года» называлі нашы продкі лістапад. Частыя працяглыя дажджы ператваралі дарогі ў непраходныя балоты. За гэта адзінаццаты месяц года нашымі продкамі быў празваны бездаражнікам.

За ўстойлівае непагодлівае надвор`е лістапад называлі «мачарэц» — ад старажытнарускага слова «мача», якое азначала «дажджлівае надвор`е». У царкоўнаславянскай мове слова мела значэнне «балота», а ў славенскай — «непагадзь». Некаторыя з нас заўважаюць адчуванне незразумелай трывогі, прыкметы лёгкай дэпрэсіі. У назве адзінаццатага месяца змяшчаецца інфармацыя, якая тлумачыць гэта. У кашубскай мове лістапад — гэта smutan, а ў ніжнелужыцкай — mlosny. Розныя па сваім напісанні, яны блізкія па значэнні. Першае ўтворана ад славянскага слова «мятъ» — «хваляванне, збянтэжанасць» (сёння гэта корань слоў «памяты», «мітусня»).

Па тлумачэнні протаіерэя Грыгорыя Д`ячэнка, слова «мятъ» адпавядае грэцкаму, якое сустракаецца ў найстаражытных пісьмовых помніках, «tholosis» — цёмны, смутны, нячысты (ад «tholos» — «бруд, балота»). Гэтым жа словам у пераносным значэнні пазначалася ўнутранае засмучэнне думак, рух памкненняў, праяўленне цягі (слабасці) да чаго-небудзь. Яно таксама можа азначаць невытлумачальнае душэўнае хваляванне (успомнім беларускае слова «смутак»). Другое слова — mlosny — па тлумачэнні даследніка велічы рускай мовы Фасмера, літаральна азначае «нядобра, не па сабе, сумна», а таксама другое, вытворнае ад яго «млость» — «стома, бяссілле, слабасць». Такім чынам, наша душэўнае засмучэнне, хваляванне, дэпрэсія цесна звязана з тымі з`явамі, якія адбываюцца ў гэты час у навакольным свеце.

У нашых суседзяў, украінцаў, лістапад называецца груднем. Балгары так называюць снежань. У «Астраміравым евангеллі» (XI стагоддзе) такое найменне прысвойваецца адрэзку часу лістапад-снежань. Паходзіць назва ад слова «груда», якое азначае як мёрзлую каляіну на дарозе (Даль), так і саму зімовую дарогу (Нестар-летапісец). І сапраўды, у народзе казалі: «У лістападзе мужык з калёсамі развітваецца, у санкі залазіць» — па снезе ехаць на возе было нязручна. Назва «ноябрь» у рускую мову перайшло з лацінскай, і там ён быў дзявятым у годзе («novem» — «дзевяць»). Дарэчы, у славян дапятроўскага часу ён таксама быў дзявятым.

Цікава, што лістапад — апошні месяц у годзе, калі дазвалялася ўступаць у шлюб. Да 25 (26) лістапада хлапец і дзяўчына маглі атрымаць царкоўнае благаславенне на шлюб.

Далей надыходзіў час посту, які рыхтаваў хрысціян да свята Раства Хрыстовага. Ён пачынаўся 28 лістапада і працягваўся аж да 7 студзеня наступнага года. Вянчацца ў час прахаджэння перыяду ўзмоцненай малітвы і пазбягання ўсялякага роду забаў царква забараняла. Месяц у сувязі з тым, што паўсюдна спраўляліся вяселлі, меў назву Вясельнік, альбо Браташнік (ад славянскага «браті», у сэнсе: забіраць дзяўчыну з роднай хаты, ад яе родзічаў).

Вось такі ён, лістапад, унук верасня, сын кастрычніка, родны бацька зімы. Месяц цішыні і смутку. Месяц лёгкай задуменнасці і паэтычнага настрою.

Наш канал в Telegram