Наверх
Слоним
пасмурно
1 °C
Зельва
пасмурно
1 °C
Волковыск
пасмурно
0 °C
Мосты
пасмурно
0 °C
Дятлово
пасмурно
0 °C
Барановичи
пасмурно
1 °C
EUR 3.0986
USD 2.5475
RUB(100) 3.4261
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

“І першым паказаўся Каліноўскі…”

4 декабря 2020 10:59
Поделиться:
22.11.2019. Вільня. Развітальная працэсія на вузкіх вулачках старога горада

22.11.2019. Вільня. Развітальная працэсія на вузкіх вулачках старога горада

Год таму, 22 лістапада 2019 года, на могілках Росы ў Вільні пахавалі 20 ўдзельнікаў нацыянальна-вызвольнага Паўстання 1863-1964 гадоў  

“Браты мае, мужыкі родныя.
З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да
вас пісаці, і можа раз астатні.
Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі
мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, –
ды ня жаль згінуць за тваю праўду…”
Кастусь КАЛІНОЎСКІ

Кастусь Каліноўскі. Фота А.Банольдзі. 1863 г.

Кастусь Каліноўскі. Фота А.Банольдзі. 1863 г.

1864 год. 22 (па-старому стылю 10-га) сакавіка. 11 гадзін раніцы. Пляц на Лукішках у Вільні. “Была ясная халодная раніца. Каліноўскі ішоў на кару смела. Прыйшоўшы на плошчу, ён стаў проста тварам да шыбеніцы і толькі часам кідаў позірк у далёкі натоўп. Калі яму чыталі канфірмацыю, ён пачаў рабіць заўвагі. Так, напрыклад, калі назвалі яго імя: “Дваранін Вікенці Каліноўскі”, ён усклікнуў: “У НАС НЯМА ДВАРАН, УСЕ РОЎНЫЯ!”. Паліцмайстар паківаў яму галавою і прасіў замоўкнуць…”. Гэты малюнак пакарання Кастуся Каліноўскага пакінуў у сваіх “Віленскіх нарысах 1863-1865 гг.”, напісаных як “воспоминания очевидца”, царскі чыноўнік Масолаў.
З 22 траўня 1863 года па 22 сакавіка 1864 года на пляцы Лукішкі ў Вільні расейская акупацыйная адміністрацыя пакарала смерцю 21 паўстанца. Канстанцін-Вінцэнт Каліноўскі – апошні публічна пакараны паўстанец. Людзі ведалі, што целы забітых закапаны ў Вільні на Замкавай гары (гара Гедыміна), дзе стаяў расейскі гарнізон.

2016 год. Апоўзні глебы на Замкавай гары ў Вільні. Узнікла пагроза абрушэння вежы Гедыміна – помніка гісторыі і культуры XIV стагоддзя.

2017 год, студзень. З улікам гістарычнай значнасці помніка, паперад будаўнікаў пачалі працаваць археолагі, якія выявілі парэшткі чалавека. Па словах археолага Гіціса Грыжаса, “гэта быў мужчына 25-26 гадоў. Ён ляжаў на баку, рукі за спіной звязаныя, цела аблітае вапнай. Пры ім знайшлі некаторыя прадметы: фрагменты абутку, гузікі, медальён з выявай Маці Божай Вастрабрамскай, а таксама раскладны медальён, унутры якога з аднаго боку крыжык з Хрыстом, з другога – моцна выцертыя, але пазнавальныя абрысы святога Казімера”. Гэтым першым быў… Кастусь Каліноўскі. Усяго археолагі выявілі і ідэнтыфікавалі парэшткі 20-ці пастаўцаў.

22.11.2019. Вільня. Кафедральная плошча. Уладзімір Някляеў, Алесь Бяляцкі, Міхась Варанец

22.11.2019. Вільня. Кафедральная плошча. Уладзімір Някляеў, Алесь Бяляцкі, Міхась Варанец

2019 год. 22 лістапада. Пахаванне парэшткаў 20-ці паўстанцаў. “Кожнаму, хто прыехаў у Вільню, я ўручыў бы ордэн Каліноўскага!” – так сказаў паэт Уладзімір Някляеў на гісторыка-паэтычным Рэквіеме, які адбыўся ў музеі гісторыі тэатра і кіно Летувы (былы малы палац Радзівілаў) на другі дзень пасля ўрачыстага пахавання паўстанцаў 1863 года. Мяркую, ордэна Каліноўскага заслугоўвае кожны беларус, хто хацеў, але па важкіх Кастусь прычынах – адсутнасць візы, праца, матэрыяльная нястача і да т.п. – не прыехаў у Вільню 22 лістапада. За гэтыя два дні ў старажытнай Вільні, якая была, ёсць і будзе духоўнай сталіцай Беларусі, давялося пагаварыць з дзесяткамі знаёмых і не знаёмых удзельнікаў гэтай гістарычнай падзеі, і іх настрой, іх думкі, іх словы былі сугучны маім, кожны гаварыў:
– Я ўзнагародзіў сам сябе – прыехаў у Вільню! Прыехаў, каб аддаць даніну павагі продкам, якія разам з палякамі, летувісамі, украінцамі, латышамі паўсталі супраць маскоўскага панавання, паўсталі за зямлю і волю для мужыка-беларуса, за свабоду, роўнасць, братэрства ўсіх саслоўяў, паўсталі “за нашу і вашу свабоду!”. Прыехаў, бо – беларус, прыехаў, каб паказаць цяперашняй Расеі, якая так і засталася імперскай, што мы, гэтаксама як Каліноўскі і яго баявыя пабрацімы, сёння гатовы змагацца за незалежную Беларусь, за свабоду. Калі б не прыехаў, дык усё астатняе жыццё шкадаваў бы, мне б вярэдзіла душу, што не прыехаў, што вось жа мог прыехаць, а не прыехаў.

22.11.2019. Вільня. Кафедральны сабор Святога Станіслава і Святога Уладыслава

22.11.2019. Вільня. Кафедральны сабор Святога Станіслава і Святога Уладыслава

Складана перадаць эмоцыі, якія перапаўнялі кожнага ўдзельніка цырымоніі развітання з Кастусём Каліноўскім і яго паплечнікамі. Сотні бела-чырвона-белых сцягаў! Тысячы свабодных, годных людзей! У вольнай Вільні! І гучнае скандзіраванне: “Жыве Беларусь!”, “Каго любіш? Беларусь!”, “Слава героям! Героям слава!”. У тым ліку гучала: “Дзякуй, Летува!”. Гэта быў дзякуй летувіскай уладзе за арганізацыю развітання на такім высокім узроўні, якое было ўрачыстае, але не казённае, было шчырае, людскае, чалавечае, гэта быў дзякуй летувіскай дзяржаве, летувіскаму народу, што мы, беларусы, маем магчымасць свабодна ўшанаваць сваіх герояў тут, у свабоднай Вільні. Было вельмі холадна. Працоўны дзень. І, тым не меней, шмат людзей! І многа-многа моладзі, і дзяўчат, жанчын! І гэта – у Вільні, куды патрэбны віза, грошы на праезд і на пражыццё, і дзе якраз у гэтыя дні была мінусавая тэмпература і студзёны вецер! І разумееш страх беларускіх уладаў: ТОЛЬКІ ДАЙ “СЛАБІНУ”, І СОТНІ ТЫСЯЧ ВОЛЬНЫХ БЕЛАРУСАЎ ВЫЙДУЦЬ НА ВУЛІЦЫ МЕНСКА, КАБ ЗРАБІЦЬ СТАЛІЦУ НАШАЙ КРАІНЫ ВОЛЬНАЙ, КАБ ЗРАБІЦЬ ВОЛЬНАЙ УСЮ НАШУ КРАІНУ. Менавіта па-гэтаму ўлады трымаюць у сакрэце змест інтэграцыйных дамоўленасцяў, якія Лукашэнка збіраецца падпісаць з Расеяй сёлета 8 снежня.

22.11.2019. Вільня. Развітальная працэсія ад Кафедральнага сабора да могілак Росы

22.11.2019. Вільня. Развітальная працэсія ад Кафедральнага сабора да могілак Росы

22.11.2019. Вільня. Развітальная працэсія падыходзіць да могілак Росы

22.11.2019. Вільня. Развітальная працэсія падыходзіць да могілак Росы

На жаль, не адбылася запланаваная сустрэча беларускіх удзельнікаў пахавання паўстанцаў 1863 года з чальцамі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта была б сімвалічная сустрэча! Не адбылася… . І, такая, знакавая сустрэча, ужо ніколі не адбудзецца. Не ведаю прычыну і таму не хачу дарма наракаць на кагосьці. Прыкра будзе даведацца, што сустрэча не адбылася з-за нястачы грошай для арэнды залы, бо, напрыклад, уваход на канцэрт гурта “Dzieciuki”, які адбыўся ў Вільні вечарам 22 лістапада, быў 5 еўра, і зала была поўная.
Запомніліся дзве сустрэчы з літоўцамі. Малады месціч* з універсітэтскай (праўда, тэхнічнай) адукацыяй, які  валодае рускай і ангельскай мовамі, ад мяне даведаўся, хто такі Каліноўскі. 65-гадовы рабочы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, які каля гары Гедыміна чакаў заканчэння цырымоніі, каб прыступіць да выканання сваіх працоўных абавязкаў, паказаў мне месца, дзе знайшлі парэшткі паўстанцаў і сказаў, што пра Каліноўскага ён ведае са школы, і спытаўся ў мяне: “А Каліноўскі беларус ці паляк?”. Нічога дзіўнага. У кожнага народа свае героі.

23.11.2019. Вільня. Калумбарый капліцы на могілках Росы. Вянкі ад урадаў Украіны, Беларусі, Летувы, Польшчы, Латвіі і вянок з бела-чырвона-белымі колерамі ад беларускага народа

23.11.2019. Вільня. Калумбарый капліцы на могілках Росы. Вянкі ад урадаў Украіны, Беларусі, Летувы, Польшчы, Латвіі і вянок з бела-чырвона-белымі колерамі ад беларускага народа

Зноў узгадаю гісторыка-паэтычны Рэквіем.
Вядоўца, гісторык Язэп Янушкевіч прэзентаваў дзве кніжкі, выдадзеныя адмыслова да 22.11.2019 – дня пахавання парэшткаў 20 ўдзельнікаў нацыянальна-вызвольнага паўстання, адшуканых у 2017-2018 гадах на гары Гедыміна ў Вільні. Першая кніжка – гісторыка-літаратурны зборнік “І першым паказаўся Каліноўскі” (аўтар Я.Янушкевіч) на беларускай, летувіскай**, польскай, украінскай, нямецкай, ангельскай і гішпанскай мовах. У зборніку змешчаны 7 нумароў першай беларускай газеты на беларускай мове “Мужыцкая праўда” і тры, таксама па-беларуску, “Лісты з-пад шыбеніцы” – гэта ўся публіцыстычная спадчына Кастуся Каліноўскага, якая засталася пасля ахвярнай смерці ў Вільні 10/22 сакавіка 1864 года праз павешанне расейскімі карнікамі легендарнага кіраўніка антыкаланіяльнага Паўстання. Другая кніжка – чацвёртае выданне фотаальбома “ПАРТРЭТЫ ПАЎСТАННЯ 1863-1865” (аўтары Я.Янушкевіч і ягоная дачка Каміла Янушкевічанка) на беларускай, летувіскай і польскай мовах.

23.11.2019. Язэп Янушкевіч, за ім стаіць У.Някляеў

23.11.2019. Язэп Янушкевіч, за ім стаіць У.Някляеў

Спадар Янушкевіч з хваляваннем прачытаў свой нарыс “Спатканьне з Легендай”, (з кнігі “І першым паказаўся Каліноўскі”), – праўдзівую гісторыю пра тое, як вясной 1984 года пачуў ад дзеда Мікалая, вахцёра філфака Белдзяржуніверсітэта, верш, які нібыта прачытаў людзям Кастусь Каліноўскі з ужо накінутай на шыю пятлёю:

Хай злыдні над намі
Скрыгічуць зубамі, –
Любі сваю ніву, свой край!
І колькі ёсць сілы
Да самай магілы –
Ары, барануй, засявай! ***
Не здолеў тады Язэп запярэчыць старому, маўляў, гэты верш узнік пазней: “…ці выпадала мне, нашчадку касінераў, маладзёну з “навукай за плячыма”абразіць сваімі ведамі 70-гадовага старога? Гэта значыць бязьлітасна разьбіць легенду, з якой Мікалай Дука пражыў доўгае і няпростае жыцьцё і застаўся чалавекам, гордым ад усведамленьня свайго далучэньня да апошняй хвіліны жыцьця аднаго з выдатных сыноў беларускай зямлі, які сваім кароткім, але яркім, як бліскавіца, жыцьцём разарваў панаваньне векавой няпраўды над роднымі загонамі, пасеяў у сялянскіх душах усведамленьне, што яны – не быдла, а роўныя з іншымі народамі ў праве на шчасьлівейшую долю і волю, што яны ў грамадзе не “племя” са сваім “малоразвитым наречием”, а нацыя, якая на крутых заломах гісторыі памірала, але не памерла”.
Потым быў эмацыйны, узнёслы выступ Уладзіміра Някляева, ягонае прызнанне, што зараз тут, у Вільні, ён
шчаслівы, бо ўбачыў тут столькі беларусаў, што стагоддзямі чужынцы пераўтваралі наш край ваўкоў у край зайцоў і не дамагліся свайго, і што гэта ці не самая важная падзея ў яго жыцці, і ягоная сентэнцыя: паглядзіце на партрэты Пастанцаў і паглядзіце на твары цяперашніх беларускіх урадоўцаў… і заклік У.Някляева: “што ёсць моцы араць! Каб духам дацягнуцца да паўстанцаў!”.

22.11.2019. Вільня. Ля могілак Росы. На пярэднім плане ў паліто - Павел Севярынец

22.11.2019. Вільня. Ля могілак Росы. На пярэднім плане ў паліто — Павел Севярынец

У кожнага народа ёсць імёны – сіноміны словам “СВАБОДА”, “РОЎНАСЦЬ”, БРАТЭРСТВА”. У балгараў – Хрыста Боцеў, у венграў-мадзяраў – паэт Шандар Пецёфі, у італьянцаў – Джузэпе Гарыбальдзі, у летувісаў – ксёндз Антанас Мацкявічус, у палякаў – Шыман Канарскі, у расейцаў – Аляксандр Герцэн, Мікалай Дабралюбаў, ва ўкраінцаў – Тарас Шаўчэнка…
У беларусаў такім нацыянальным героем, змагаром за волю роднага народа стаў Кастусь КАЛІНОЎСКІ – правадыр паўстання 1863 года на Беларусі-Літве.****, які ў сваім трэцім, апошнім “лісце з-пад шыбеніцы” напісаў (эпіграф данага артыкула – пачатак пісьма):
– “… Прыймі, народзе, па-шчырасьці маё слова прадсьмертнае, бо яно як з таго сьвета толькі для дабра твайго напісана.
Нямаш, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек у галаве мае розум і науку. Тагды ён толька магчыме жыці ў багацтве, па праўдзе, тагды ён толька, памаліўшысь Богу, заслужыць неба, калі збагаціць наукай розум, разаўе сэрца і радню цэлу сэрцам палюбіць.
Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам наука праўдзіва зь няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай наукі, – адно намі як скацінай варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу.
Для таго, Народзе, як толькі пачуеш, што браты твае з-пад Варшавы б’юцца за праўду й свабоду, тагды і ты не аставайся ззаду, но ўхапіўшы за што зможаш, за касу, сякеру, цэлай грамадой ідзі ваяваці за сваё чалавечае і народнае права, за сваю зямлю радную.
Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толька зажывеш шчасьліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе.
Твой слуга Яська-гаспадар з-пад Вільні”.

За 28 год незалежнай Рэспублікі Беларусь для аўтара гэтага артыкула сама знакавай падзеяй было прыняццё разам з сябрамі Беларускага згуртавання вайскоўцаў сімвалічнай прысягі на вернасць беларускаму народу на плошчы Незалежнасці ў Менску 8 верасня 1992 года. Цяпер у мяне ёсць яшчэ адна знакавая дата – 22 лістапада 2019; ВІЛЬНЯ.
Завершыць жа гэты артыкул хачу словамі Язэпа Янушкевіча з кніжкі “І першым паказаўся Каліноўскі”: “ЗАБЫЦЬ ПРА ІХ – СЯБЕ ЗАБІЦЬ”.

* месціч – жыхар горада (у дасавецкай беларускай мове “места” = горад)
** Letuviski – аўтар кніжкі Язэп Янушкевіч лічыць, што дзеля таго, каб не было блытаніны з гістарычным тэрмінам “Літва” (і вытворных ад яго: “літовец-ліцьвін; літоўскі-ліцьвінскі” і г.д.), правільней ужываць у дачыненні да жыхароў Letuwy (Lietuva) тэрмін “letuvisy” – адпаведна іхняй саманазве
*** з верша Янкі Купалы “Аратаму”, 1908 г.
**** пад “Літвой” у XIX стагоддзі разумелася і тэрыторыя цяперашняй Беларусі, а ўласна сучасная “Летува” займала пераважна землі Аўкштоты-Аўкштайціі, Жамойці-Жмудзі

ТЛУМАЧЭННЕ ДА ТЭКСТА АРТЫКУЛА
(даны артыкул апублікаваны ў газеце “Наша слова”, № 49, 4 снежня 2019 года і са скарачэннямі ў “Газеце Слонімскай”, № 51, 18 снежня 2019 года)

1. “Ордэн Кастуся Каліноўскага” – палажэнне аб ордэне прынята Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь 12-га склікання 13 красавіка 1995 года. Узнагарода зацверджана ўказам прэзідэнта ад 15 студзеня 1996 года. Узнагарода СКАСАВАНА 16 чэрвеня 2004 года.

2. “ – Каго любіш? – Люблю Беларусь!” – пароль Кастуся Каліноўскага.

3. “І разумееш страх беларускіх уладаў…” – у жніўні 2020 года на вуліцы Менска выйшлі сотні тысяч вольных беларусаў, якія пратэставалі супраць лукашэнкаўскага рэжыму.

4. “Інтэграцыйных дамоўленасцяў, якія Лукашэнка збіраецца падпісаць з Расеяй сёлета 8 снежня” – аўтар гэтага артыкула прымаў удзел у пратэстах супраць інтэграцыйных дамоўленасцяў Пуціна і Лукашэнкі. Пратэсты адбываліся ў Менску з 7 снежня 2019 года і да Новага года. Лідар пратэстаў Павел Севярынец 7 чэрвеня 2020 года арыштаваны і па сёння знаходзіцца за кратамі.

5. “Рада Беларускай Народнай Рэспублікі” – беларускі ўрад у выгнанні, які з 1919 года дзейнічае на эміграцыі і яўляе сабой адну з ключавых палітычных арганізацый беларускай дыяспары. Рада БНР захоўвае фармальна-працэдурную пераемнасць з радай Першага Усебеларускага кангрэса 1917 года.

6. “Лісты з-пад шыбеніцы” – тры пісьма па-беларуску (лацініцай), якія Кастусь Каліноўскі напісаў у турме перад смерцю. Два – звароты да мужыкоў-беларусаў. Адзін– верш-зварот да сваёй нявесты і да мужыцкага народа:

Марыська чарнабрэва, галубка мая, Бывай, здаровы, мужыцкі народзе,
Гдзе ж ся падзела шчасьце і ясна доля твая? Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе.
Усё прайшло, — прайшло, як і не бывала, І часам спамяні пра Яську твайго,
Адна страшэнна горыч у грудзях застала. Што згінуў за праўду для дабра твайго.

Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці А калі слова пяройдзе ў дзела,
Дай ў прадвечнага саду вялеў прападаці, Тагды за праўду станавіся смела,
То мы прападзем марна, но праўды не кінем, Бо адно з праўдай у грамадзе згодна
Хутчэй неба і шчасьце, як праўду, абмінем. Дажджэш, Народзе, старасьці свабодна

Не наракай, Марыся, на сваю бяздолю,
Но прыймі цяжкую кару Прадвечнага волю,
А калі мяне ўспомніш, шчыра памаліся,
То я з таго сьвету табе адзавуся.

7. З данясення генерал-губернатара Паўночна-Заходняга краю Міхаіла Мураўёва Яго Імператарскай Вялікасці цару Аляксандру II:

1) асуджана на смяротную страту – 128 (з іх 38 вайскоўцаў і 18 сялянаў);

2) саслана на катаргу – 972;

3) саслана на пасяленне ў аддаленыя месцы Сібіры – 573;

4) саслана з пазбаўленнем асабістых правоў у меньш аддаленыя месцы Сібіры – 854;

5) прызначана ў вайсковую службу шарагоўцамі – 345;

6) саслана ў арыштанцкія роты – 864;

7) выслана на жыхарства ўнутры імперыі (не пазбаўляючы правоў) – 1524;

8) выслана з краю для пасялення на казённых землях – 7557;

9) пакінута ў краі “палітычных злачынцаў” – 9229 (з іх 6127 простых людзей — сялян).

Пры звальненні з пасады губернатара Паўночна-Заходняга краю (1.05.1865) Мураўёў-“вешальнік” нагадаў Аляксандру II: “Край гэты ўтрымліваецца за намі сілаю зброі і трэба было б яго цяпер аб’яднаць маральна-палітычна-рэлігійным элемэнтам”.

8. Спіс удзельнікаў паўстання, забітых акупацыйнай адміністрацыяй ў Вільні на Лукішскім пляцы ў 1863-1864 гг.

1. Станіслаў ІШОРА (25 гадоў) — нарадзіўся ў Вільні. Святар у Жалудку Лідскага павету
(адзіны, чые парэшткі не былі адшуканыя ў 2017-2019
гадах на гары Гедыміна)
2. Раймунт ЗЯМАЦКІ (53 гады ) — нарадзіўся ў Дахнах пад Крэвам. Пробашч Вавёркаўскага
касцёла на Лідчыне
3. Альбэрт ЛЯСКОВІЧ (23 гады) — нарадзіўся на Лідчыне ў маёнтку Голдава. Скончыў Віленскі
шляхечы інстытут
4. Баляслаў КАЛЫШКА (25 гадоў) — нарадзіўся ў фальварку Карманішкі Лідскага павету (цяпер
Эйшышскі раён Летувы). Студэнт Маскоўскага ўніверсітэту
5. Юльян ЛЯСЬНЕЎСКІ (31 год) — шляхціч з Любліншчыны (цяпер Польшча). Падчас паўстання
– аканом у маёнтку Вялікае Мажэйкава Лідскага павету графа
Грабоўскага
6. Жыгімонт [Зыгмунт] СЕРАКОЎСКІ — нарадзіўся ў сяле Лісавое Луцкага павету на Валыні.
Капітан, скончыў акадэмію Генштаба ў Пецярбургу (1859 г.)
7-8) Аляксандр (27 гадоў) і Язэп (36 гадоў) — шляхцічы Ашмянскага павету, вёска Мілюнцы.
РАЎКОЎСКІЯ Зараблялі на жыццё рамесніцкай працай
9) Кароль СІПОВІЧ (19 гадоў) — віленчук

10) Юзаф ЯБЛОНСКІ (20 гадоў) — нарадзіўся ў Ломжы (Польшча)

11) Генрык МАКАВЕЦКІ (27 гадоў) — паходзіў з Магілёўскай губерні. Харужы корпусу ляснічых

12) Ян БЯНЬКОЎСКІ (26 гадоў) — нарадзіўся і жыў у Варшаве

13) Ян МАРЧЭЎСКІ (24 гады) — нарадзіўся ў мястэчку Рава (Польшча). Фельчар

14) Эдвард ЧАПЛІНСКІ ( ? ) — вучань аптэкара з Панявежскага павета (Летува)

15) Уладзіслаў НІКАЛЯЙ (26 гадоў) — з лютэранскай шляхты Віленскай губерні. Падпаручнік
Нараўскага пяхотнага палка
16) Казімер СЫЧУК (САЦЭВІЧ; 36 гадоў) — нарадзіўся ў Вільні. Кананір Віленскай абарончай
артылерыі
17) Мечыслаў ДАРМАНОЎСКІ (27 гадоў) — нарадзіўся ў Варшаве, прускі падданы

18) Ігнат ЗДАНОВІЧ (23 гады) — нарадзіўся ў Вільні, Скончыў Пецярбугскі ўніверсітэт (1862)

19) Цітус ДАЛЕЎСКІ (23 гады) — нарадзіўся ў фальварку Кункулка Лідскага павету. Вучыўся ў
Віленскай гімназіі, у Маскоўскім і Пецярбургскім універсітэтах
20) Якуб (Юзаф, Язэп) ЧЭХАН (Чэхановіч, Цехановіч; 40 гадоў) — месца нараджэння невядомыя.
Шараговец унутранай варты Віленскага батальёна
21) Кастусь КАЛІНОЎСКІ (Канстанцін-Вінцэнт; 26 гадоў) — нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны
Гарадзенскага павету (цяпер у межах Беластоцкага ваяводства ў Польшчы)
Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта (1860)
Фота з архіва аўтара і з адкрытых крыніц у інтэрнэце

Наш канал в Telegram