
Раман Улан
Суддзя Сяргей Боландзь пакараў мужчыну 2,5 гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле арт. 188 Крымінальнага кодэкса за тое, што ён размясціў у каментарах у “ВКонтакте” фотаздымак з налепкамі з асабістымі дадзенымі сямі міліцыянтаў, якія былі заўважаныя ў незаконных затрыманнях і ілжэсведчаннях у судах.
Таксама суд пастанавіў сплаціць усім пацярпелым міліцыянтам кампенсацыю «маральнай шкоды» ад 300 да 500 рублёў. Агульная сума, якую неабходна сплаціць Рамуальду Улану цягам месяца пасля прысуду, скаладае 2700 рублёў. Акрамя таго, суд канфіскаваў персанальны кампутар абвінавачанага “як сродак здзяйснення злачынства” ў даход дзяржавы.
Судовыя пасяджэнні таксама праходзілі 28 і 29 снежня. Рамуальд Улан сваёй віны ў паклёпе не прызнаў. Мужчыну абвінавачвалі нават не ў вырабе і распаўсюдзе ўлётак, а толькі за размешчаны фотаздымак у сацыяльнай сетцы.
Пракурор Андрэй Клышэвіч прасіў суд пакараць актывіста трыма гадамі хіміі, а запатрабаваная кампенсацыя маральнай шкоды пачаткова складала 7000 рублёў — па 1000 кожнаму з сямі пацярпелых міліцыянтаў.