
Ілюстрацыйнае фота
Гродзенскі абласны аргкамітэт для мастаўлян устанавіў норму 10 чалавек. Нягледзячы на тое, што 70% удзельнікаў сходу павінны быць дэпутатамі Саветаў розных узроўняў і 30% прадстаўляць грамадскія арганізацыі, мастоўскі аргкамітэт вырашыў накіраваць на сход толькі пяць дэпутатаў.
30 снежня сесія райсавета назвала імёны дэлегатаў. Імі сталі дырэктар Мастоўскай ЖКГ Аляксандр Касаверскі, кіраўнік фермерскай гаспадаркі “Гарызонт Мастоўскага раёна” Генрых Мыслявец, генеральны дырэктар ААТ “Мастоўдрэў” Сяргей Асосаў, дырэктар сельгаспрадпрыемства “Гудзевічы” Андрэй Санько, старшыня Мастоўскага райсавета Валеры Табала.
Астатнія пяць чалавек будуць вылучаны ад грамадскіх арганізацый з колькасцю 100 тысяч чалавек. Ужо адбыліся паседжанні кіруючых органаў “Белай Русі”, БРСМ, Саюза жанчын, дзе вызначыліся з дэлегатамі.
Хто і ад якой арганізацыі з Мастоў будзе на “вечэ”, пакуль не вядома.
Усяго на шостым усебеларускім сходзе будзе прысутнічаць 2700 дэлегатаў. На першым, які адбыўся ў кастрычніку 1996 года, было 4740 дэлегатаў, Мастоўшчыну тады прадстаўлялі болей за 30 чалавек. Усе яны вярнуліся з каштоўнымі падарункамі.