Наверх
Слоним
пасмурно
10 °C
Зельва
пасмурно
10 °C
Волковыск
туман
6 °C
Мосты
туман
6 °C
Дятлово
туман
6 °C
Барановичи
дождь
10 °C
EUR 3.1082
USD 2.5965
RUB(100) 3.4363
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

«Місія» — невыканальная

23 февраля 2021 8:22
Поделиться:
Слонімскія вайскоўцы

Слонімскія вайскоўцы

15 лютага гэтага года ў артыкуле “Не сваю – чужую долю баранілі” я падзяліўся з чытачамі сайта “Газеты Слонімскай” сваім клопатам пра небяскрыўдныя выдумкі беларускай афіцыйнай прапаганды, звязаныя з мінулагоднім “Днём памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў”, у тым ліку і пра, мякка кажучы, недарэчныя выказванні колішняга старшыні Слонімскага райвыканкама Алега Таргонскага. І што?! Літаральна праз некалькі гадзін, у гэты ж дзень, 15 лютага 2021 года, “вызначыўся” старшыня Слонімскага райвыканкаму Генадзь Хоміч.

Хоміч на мітынгу, прысвечанаму 32-й гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана заявіў: “Трагічная старонка гісторыі адкрыла для нас пакаленне герояў, якія паказалі вернасць прысязе і сваёй місіі”?!

Вернасць “місіі”… . Наўрад ці названы слонімскі чыноўнік усведамляе сэнс сваіх слоў. Але што зробіш. Як кажуць у народзе, “мялі, Апанас, цяпер твой час”. І, трэба аддаць “належнае” ўладным прапагандыстам, – мелюць…, ужо звыкла падмяняюць патрыятычнае выхаванне мілітарысцкім, а мову Айчыны – суседняй.

Так, 15 лютага 2021 года ў Слоніме пад эгідай раённага грамадскага аб’яднання БРСМ і і аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама адбыўся агляд-конкурс патрыятычнай песні “Сердце земли моей” (тоўстым шрыфтам выдзелена мною. – М.В.), прымеркаваны да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. І па назве агляду-конкурса (на рускай мове) і па песнях можна падумаць, што канцэрт адбываецца ў Расіі. І не ў якім-небудзь нацыянальным рэгіёне гэтай краіны кшталту Чачэнскай Рэспублікі, а няйнакш як у межах “Залатого кола” вакол Масквы, бо на падобным канцэрце ў Чачні большасць песень, мабыць, былі б на сваёй нацыянальнай мове.

Але вернемся да нашага героя Генадзя Хоміча, які інтэрвенцыю СССР у Афганістан у 1979-1989 гадах назваў місіяй савецкіх воінаў.

Вось табе і на! Пасля службы ў Афганістана я выконваў “інтэрнацыянальны абавязак” яшчэ і ў Чэхаславаччыне. Але місіянерам мяне назвалі ўпершыню!
Якая к чорту місія, спадар Хоміч! Місіянеры з аўтаматам Калашнікава і без крыжа… .

Пакуль Хоміч шукае значэнне слова “місія” паводле слоўніка рускай мовы (Хоміч з начальствам знае дзела і свае прамовы па-расейску валіць смела) ў чатырох тамах Акадэміі навук СССР, том 2, 1982 г., стар. 277, для паважаных жа чытачоў “ГС” мушу патлумачыць наступнае.

Камуністычны пераварот у Афганістане ў красавіку 1978 года як мінімум быў інспірыраваны Савецкім Саюзам. Афганскія вайскоўцы-камуністы адважыліся на гэта, бо ведалі, што СССР іх падтрымае. Болей за тое, напярэдадні рэзідэнтура КГБ ў Кабуле даведалася пра планы мяцежнікаў і паслала ў Маскву адпаведнае паведамленне. Савецкае кіраўніцтва не папярэдзіла прэзідэнта Рэспублікі Афганістан М.Дауда. Вось першая наша, савецкая, “місія”! Другая “місія” – увод войскаў у Афганістан у снежні 1979 года.

Агульнавядома, што рашэнне аб уводзе войскаў у Афганістан прынялі некалькі членаў Палітбюро ЦК КПСС, у тым ліку і Міністр замежных спраў СССР беларус Андрэй Грамыка, які па жыцці заўжды трымаў нос па ветры, таму і дасягнуў высокіх пасад у “айчыне” Леніна і яго паслядоўнікаў.

Як кадравы афіцэр Савецкай Арміі, аддаю належнае мужнасці і адказнасці за лёс краіны, за лёсы людзей тых савецкіх вайскоўцаў, якія былі верныя не начальству, а Радзіме – якія да апошняга імгнення катэгарычна пярэчылі супраць уводу савецкіх войскаў у Афганістан, за што паплаціліся кар’ерай і пасадамі. Варта назваць пайменна гэтых людзей:

– генерал-маёр Леў ГАРЭЛАЎ (1922-2018) – галоўны вайсковы дарадчык Узброеных Сіл Афганістана з 1975 года па снежань 1979 года. У 1980 годзе быў прызначаны намеснікам камандуючага Адэскай вайсковай акругі па ВНУ і пазавайсковай падрыхтоўцы. У 1984 годзе генерал-лейтэнант Гарэлаў у 62 гады быў адпраўлены ў запас. Удзельнік Другой сусветнай вайны. У 1968 годзе, будучы камандзірам 7-й паветрана-дэсантнай дывізіі, удзельнічаў у інтэрвенцыі СССР у Чэхаславакію;
– генерал-маёр Васіль ЗАПЛАЦІН (1925-2017) – дарадчык начальніка Галоўнага Палітупраўлення Узброеных Сіл Афганістана з красавіка 1978 года па снежань 1979 года. У 1980-1989 гадах генерал-маёр Заплацін – сакратар партыйнай камісіі пры палітупраўленні Сухапутных войскаў. Удзельнік ДСВ.
– генерал арміі Іван ПАЎЛОЎСКІ (1909-1999) – галоўнакамандуючы Сухапутнымі войскамі – намеснік Міністра абароны СССР у 1967-1980 гадах. У жніўні-лістападзе 1979 года быў у Афганістане.Па выніках камандзіроўкі прадставіў пісьмовы даклад Міністру абароны Д.Усцінаву і начальніку Генеральнага штаба М.Агаркаву з катэгарычнымі пярэчаннямі супраць уводу савецкіх войскаў у Афганістан. Праз некалькі месяцаў быў зняты з пасады і адпраўлены ў Групу Генеральных інспектараў міністэрства абароны СССР. Удзельнік ДСВ. У 1968 годзе – камандуючы аб’яднанымі войскамі дзяржаў Варшаўскага Дагавора па падаўленню Пражскай вясны. Герой Савецкага Саюза (1968).

Гарэлаў, Заплацін, Паўлоўскі папярэджвалі кіраўніцтва Узброеных Сіл і СССР пра наступствы ўводу Савецкай Арміі ў Афганістан. Усё адбылося менавіта так, як яны казалі. Аднаго не прадбачылі гэтыя шчырыя патрыёты сваёй савецкай Радзімы. Што праз 12 гадоў СССР перастане існаваць і што прычынай гэтага (у тым ліку) стане вайна ў Афганістане.

І як непрыемна глядзець на цяперашніх беларускіх генаралаў, якія на нарадах у Лукашэнкі сядзіць, баязліва апусціўшы галаву і запісваюць “мудрыя” ўказанні.
Як непрыемна слухаць нашых мясцовых начальнікаў – Таргонскага, Хоміча і іншых – якія не асмельваюцца вымавіць хоць адно слова па-беларуску, бо баяцца свайго начальніка Лукашэнку. Тым болей яны ніколі не абароняць чалавека, не асмеляцца запярэчыць начальству, сказаць штосьці супраць.

У 2017 годзе падчас пратэстаў так званых “тунеядцаў” да Слонімскага райвыканкама прыйшлі некалькі сот чалавек. Тагачасны старшыня райвыканкама Таргонскі публічна заявіў, што ніякага пераследу пратэстоўцаў не будзе. І што?! У гэты ж дзень быў арыштаваны Віктар Марчык, самы актыўны з ліку арганізатараў марша “тунеядцаў”. А Таргонскі… звыкла апусціўшы галаву запісвае “мудрыя” ўказанні.

І апошняе. Паўтаруся, вайна СССР у Афганістане была інтэрвенцыяй. Старшыня Слонімскага райвыканкама Г.Хоміч назваў гэта місіяй савецкіх воінаў. Што ж! Нашы начальнікі на ўсіх узроўнях улады верныя сваёй “місіі” – дураць галовы людзям. Але ў Беларусі, асабліва пасля пратэстаў 2020 года, усё болей і болей людзей, якія здольныя разважаць рацыянальна. Таму “місія” Хоміча і яму падобных беларускіх начальнікаў – невыканальная.

P.S. Сёння, 23 лютага – Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Што сёння скажуць нам слонімскія “аракулы”?…

Міхась Варанец, маёр у адстаўцы

Фота з архіва «ГС»

Наш канал в Telegram