
Адзіночным пікетам суд палічыў выяву на падаконніку бел-чырвона-белага сцяга і ружы ў кватэры Палубяткі.
Падсудны прызнаў, што выява сцяга і ружа сапраўды былі на падаконніку яго кватэры. У гэтай частцы Палубятка пайшоў на супрацоўніцтва з судом і прызнаў наяўнасць парушэння заканадаўства з яго боку.
— Абскарджваць судовае рашэнне не буду. Я пайшоў на супрацоўніцтва з судом і пагадзіўся з парушэннем. Сёння крыху адпачну і пайду аплачу штраф. Заўтра планую забраць з міліцыі канфіскаваную тэхніку, літаратуру і рэчы. І потым буду вырашаць, што рабіць з тымі, хто ўчыніў гэтую незаконную канфіскацыю, — распавёў па тэлефоне аўтару гэтых радкоў Язэп Палубятка.
Наш уласны карэспандэнт на Мастоўшчыне Язэп Палубятка выйшаў на волю з-пад варты ў Дзень Волі крыху менш як праз 72 гадзіны пасля затрымання.
Цікава, што сярод іншага падчас ператрусу міліцыянеры забралі з кватэры Палубяткі Грамату, якую на нядаўнім партыйным форуме Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” яму ўручылі як аднаму са стваральнікаў гэтай партыі. Канфіскавалі таксама афіцыйны сцяг партыі, партыйны білет Палубяткі і яшчэ аднаго сябра партыі ды партыйную літаратуру і выданні.
БСДП “Грамада” нядаўна адзначыла сваё 30-годдзе. Падобна, улады такімі сваімі дзеяннямі таксама адзначаюць гэты юбілей сацыял-дэмакратаў.
Фота з архіва «ГС»