
Язэп Палубятка
— Рашэнне суда не ўступіла яшчэ ў законную сілу, бо не прайшло 10 дзён з моманту яго прыняцця. І хоць я пагадзіўся з гэтым рашэннем, прызнаў віну і аплаціў штраф, мае рэчы і тэхніку ў міліцыі не вярнулі. Сказалі, не маюць права цяпер па закону аддаваць. Наступны раз паспрабую ў пятніцу забраць у міліцыі сваё, бо 10 дзён з моманту абвяшчэння судовага рашэння па маёй справе прыпадаюць на нядзелю, — сказаў у размове з аўтарам гэтых радкоў Язэп Палубятка.
Варта нагадаць, што ў судзе ў Мастах 25 сакавіка Палубятку судзілі за выяву бел-чырвона-белага сцягу і ружу на падаконніку ў яго кватэры (арт. 23.34 КаАП) і аштрафавалі на 15 базавых велічынь.
Палубятка пагадзіўся, што ў гэтай частцы парушыў заканадаўства і пасля суда адразу аплаціў штраф. Перад гэтым ён трое сутак правёў у ізалятары часовага ўтрымання мастоўскай міліцыі.
Тым часам з яго кватэры падчас ператрусу забралі кампутар, тэлефон, флэшкі, пасведчанне сябра сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”, фотаапарат, партыйныя часопісы і літаратуру, і нават два міліцэйскія шэўроны 90-х гадоў з дзяржаўнымі тады бел-чырвона-белымі сцягамі і гербам “Пагоня”.
Фота з архіва «ГС»