
Лявон Карповіч у Луна
У судзе Лявон Карповіч сказаў, што вывесіў сцяг на Благавешчанне як сімвал Хрыстовай Плашчаніцы і ніякага пікета такімі дзеяннямі не ладзіў. Таксама падсудны патлумачыў значэння Дня Волі і нацыянальнай сімволікі для беларусаў і Беларусі ды нагадаў, што першую сваю прысягу беларускаму народу першы беларускі прэзідэнт даваў пад дзяржаўным тады бел-чырвона-белым сцягам.
У судзе высветлілася, што сцяг на хаце Лявона Карповіча 25 сакавіка ўбачыў пільны мясцовы ўчастковы інспектар міліцыі падчас аб’езду сваёй тэрыторыі. Ён патэлефанаваў і даклаў пра тое ў Мастоўскі РАУС. Атрымаўшы сігнал, мастоўскія міліцыянеры накіраваліся спачатку ў пракуратуру, дзе ўзялі санкцыю на агляд сядзібы Карповіча, а потым паехалі ў мястэчка. На месцы міліцыянеры забралі з хаты сцяг і самога гаспадара ў адной кашулі і хатніх пантофлях, бо Лявон Карповіч не захацеў апранацца і ехаць у міліцыю. Але паехаць прыйшлося.

У родным мястэчку Луна
У райаддзеле міліцыі на Лявона Карповіча склалі пратакол па легендарным артыкуле 23.34 КоАП Рэспублікі Беларусь і адпусцілі дахаты.
Выслухаўшы бакі, на другі дзень каталіцкага Вялікдзеня суддзя пастанавіў пакараць Лявона Карповіча максімальным па гэтым артыкуле штрафам у 30 базавых адзінак.
Сам Карповіч вінаватым сябе не лічыць і будзе абскарджваць гэтае рашэнне суда Мастоўскага раёна ў вышэйшай судовай інстанцыі.
Даведка
Лявон Карповіч (1944) — краязнаўца і філатэліст, былы настаўнік матэматыкі. Нарадзіўся ў Ваўкавыску, жыве ў мястэчку Луна.
Аўтар кніг «Маё мястэчка Луна-Воля» (2016) і «Беларускія паштовыя маркі: ад пачатку да эміграцыі і Незалежнасьці» (2017), «Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі» (2019), «Біблейскія гісторыі Старога Запавету…» (2021).
Удзельнічае ў філатэлістычных выставах з калекцыямі: «Біблейскія гісторыі», «Гісторыя маёй краіны», «Абняла мяне Беларусь».
Фота з архіва аўтара