
"Мастоўдрэў" не дыміць
Болей як месяц таму назад на прадпрыемстве спынілася вытворчасць па выпуску пліты МДФ – над карпусамі перасталі дымець трубы.
Мастаўлянам было сказана, што распачалася звычайная прафілактыка. Аднак неўзабаве стала вядома, што адбылася аварыя на агрэгаце, які нясе важкую адказнасць за працэс вытворчасці.
З розных крыніцаў (канчаткова не правераных, бо кіраўніцтва прадпрыемства маўчыць) стала вядома, што той агрэгат кшталту матора вагой дзесяць тон. Адной толькі медзі там каля чатырох тон. Такое абсталявання ў Беларусі не выпускаецца і таму яго неабходна набыць за мяжой. Невядомы і яго кошт, як невядомы тэрміны тае закупкі.
Калі распачнецца вытворчасць пліты, таксама невядома, як невядома, ці агулам яна распачнецца.
Выпуск фанеры, на якой трымаецца прадпрыемства, ідзе поўным ходам.