Наверх
Слоним
пасмурно
17 °C
Зельва
пасмурно
17 °C
Волковыск
облачно с прояснениями
15 °C
Мосты
облачно с прояснениями
15 °C
Дятлово
облачно с прояснениями
15 °C
Барановичи
пасмурно
16 °C
EUR 3.0232
USD 2.481
RUB(100) 3.4629
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Пад друзам памяці: у Кракотцы ўзарвалі былы клуб і бібліятэку

7 июня 2021 17:51
Поделиться:

Руіны колішніх клуба і бібліятэкі ў Кракотцы

Сёлета ў канцы траўня ў Вялікай Кракотцы на Слонімшчыне падрыўнікі ператварылі ў груду друзу двухпавярховы будынак колішняга клуба і Купалаўскай бібліятэкі.

Пра бібліятэку

Знакавая, знакамітая была бібліятэка ў Кракотцы. Пачыналася яна з хаты-чытальні ў 20 гадах 20 стагоддзя ў бытнасць тут Другой Рэчы Паспалітай. За грошы мясцовай моладзі з ліку сяброў Таварыства беларускай школы,за сялянскія злотыя набываліся кнігі і дзейнічала бібліятэка ў звычайнай вясковай хаце. У 1927 годзе кракоцкія сяляне надалі сваёй хаце-чытальні імя Янкі Купалы.

Перажыла бібліятэка польскіх паноў, чырвоных бальшавікоў-камісараў 1939 года, нямецкіх фашыстаў падчас Другой сусветнай вайны. Пасля вайны бібліятэка становіцца сапраўдным культурным асяродкам для некалькіх пакаленняў вяскоўцаў. Сюды едуць самыя выбітныя беларускія пісьменнікі на сустрэчу са сваімі чытачамі і вязуць у падарунак бібліятэцы кнігі са сваімі аўтографамі.

Іван Шамякін, Андрэй Макаёнак, Янка Брыль, Міхась Лынькоў, Аркадзь Куляшоў, Пятрусь Броўка, Алег Лойка, Анатоль Іверс, Янка Саламевіч, Сяргей Грахоўскі, Мікола Аўрамчык, Іван Навуменка і іншыя — уся школьная праграма па сучаснай беларускай літаратуры з аўтографамі аўтараў змяшчалася на паліцах кракоцкай бібліятэкі.

Да самай сваёй смерці апякуецца кракоцкай бібліятэкай удава Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. Цётка Уладзя пабывала ў Кракотцы ўпершыню ў 1951 годзе, а ў 1957-ым удзельнічала ў святкаванні 30-гадовага юбілею бібліятэкі, якой тады загадваў Аляксандр Жыткевіч…

Апошні свой юбілей ужо ў сценах шыкоўнага на той час двухпавярховіка бібліятэка адзначыла ў 2007 годзе, меўшы з 2005 года статус бібліятэкі-музея імя Янкі Купалы.

Але беларускія музеі ўсё больш і больш не ў пашане ў сучаснай улады, каб выдаткоўваць сродкі на іх утрыманне. Таму ў 2008 годзе бібліятэку-музей імя Янкі Купалы ў Вялікай Кракотцы зачыняюць. Кнігі з аўтографамі і без размяркоўваюць па іншых бібліятэках раёна… Не перажыла кракоцкая бібліятэка нязменнай з 1994 года сённяшняй улады.

Пра клуб

…У клубе ў Кракотцы летам 1983 года аўтару гэтых радкоў давялося круціць кіно ў якасці кінамеханіка. Уваход у апаратную на другі паверх быў спраектаваны з надворку па металічнай лесвіцы, зваранай з тоўстай арматуры. Па першым часе нават страшнавата было туды падымацца і спускацца цёмнымі вечарамі.

Праз шмат гадоў, бываючы ў Кракотцы і праязджаючы каля колішняга клуба і бібліятэкі, заўсёды глядзеў на тую арматурную лесвіцу, і памяць адкручвала кінастужку жыцця назад.

У савецкі час сапраўдным святам у вёсцы быў паказ у клубе індыйскіх фільмаў. Кіношныя прыгоды і пакуты герояў-каханкаў, якія заўсёды добра заканчваліся, выклікалі непадробныя слёзы і шчырую радасць у гледачоў, а кінамеханіку дазвалялі выконваць план па продажу квіткоў.  Асабліва добра гэта спрацоўвала ў выхадныя дні, калі ў вёску з горада з’яджаліся да бацькоў дзеці, а да бабуляў з дзядулямі — унукі.  Толькі не кожны кінамеханік мог “выбіць” сабе на выхадныя двухсерыйную індыйскую стужку, асабліва, малады.

Мне тады было толькі 18 гадоў. Пра план я асабліва не дбаў, бо наперадзе чакала войска, а потым… Карацей, індыйскі фільм патрапіў да мяне тым летам акурат пасярэдзіне тыдня. На сеанс прыйшлі толькі ён і яна. Лёня і Марыя. Маладыя і прыгожыя. Закаханыя. Цэлых дзве серыі прыйшлося круціць для іх дваіх, хоць фільм іх мала цікавіў. Але калі я недзе пасярод сеанса запаліў у зале дзяжурнае святло і выгукнуў у акенца: “Можа хопіць?” — маладыя адарваліся адно ад аднаго і дружна адказалі: “Круці даканца!..” Круціў.

Лёня і Марыя хутка пажаніліся. Нарадзілі дзяцей. Дзеці ім — унукаў. Марыя нядаўна адышла ў лепшы свет. Лёня на сваёй радзіме ў Малой Кракотцы займаецца на пенсіі пчалярствам. Гаспадарыць у хаце нябожчыцы-цешчы, дзе я, малады вясковы кінамеханік, калісьці кватараваў.

…Цяпер ужо не паглядзіш на закінуты будынак таго клуба і бібліятэкі ў Кракотцы. Цэгла колішняга асяродку культуры выглядае дабротнай, то мо прыдасца мясцовым жыхарам і шматлікім уладальнікам тамтэйшых лецішчаў.

А наперадзе ў цяперашніх узрывальнікаў і закопвальнікаў яшчэ шмат працы: клубы, магазіны, фапы, пошты, фермы, майстэрні, амбары, склады, калгасныя двары, хаты памерлых былых калгаснікаў…

Фота з архіва аўтара

Наш канал в Telegram