
Сяргей Дарожны
Сяргей Дарожны нарадзіўся 25 лютага 1909 года ў Слоніме ў сям’і прапаршчыка царскай арміі.
Скончыў БДУ. Быў сябрам літаранутных аб’яднанняў «Маладняк» (1926—1927), «Узвышша» (з 1928). Уваходзіў у нефармальнае згуртаванне ТАВІЗ (Таварыства аматараў выпіць і закусіць).
Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет, стыль-рэдактарам часопіса «Работніца і сялянка Беларусі», на радыё, адкуль быў звольнены за «сістэматычнае працягванне ў сваіх літаратурных перадачах нацдэмаўскіх установак да мікрафону, наўмыснае змазванне ролі партыі ў барацьбе з контрарэвалюцыйным нацдэмакратызмам, паклёп на палітыку партыі на вёсцы».
Сябар Саюза пісьменнікаў БССР з 1934 года. З прапановы Андрэя Аляксандровіча выключаны з Саюза пісьменнікаў у 1935 годзе.
Арыштаваны ГПУ СССР 29 жніўня 1936 года ў кватэры на Першым беларускім завулку 3-А у Мінску. Пры вобшуку былі канфіскаваныя творы Я. Лёсіка, М. Гарэцкага, У. Ігнатоўскага і кнігі на нямецкай мове.
Асуджаны як «сябра антысавецкай нацдэмаўскай арганізацыі» на 8 гадоў пазбаўлення волі.