
Вёска Вострава на Слонімшчыне
“Хаджу яшчэ крыху — і дзякуй Богу!
Адкрыла комін, печку палю.
Хоць доўга ішла, а дайшла да парога
Трубку ўзяць, ды з табой гавару…”.
Маці на хворыя ногі не ступіць,
Калі не трымае ў руках табурэт,
А свет гэты белы і жыць у ім любіць
Болей, чым лепшы сучасны паэт.
Суставы баляць, баляць пальцы, калені,
Зрабіўся настольным даўно “Румакар”*,
Нялёгка ў печку пакласці паленні,
Цяжка хваробаў адольваць цяжар,
Але не кляне і не бэсціць дар Божы,
Свет гэты любіць, людзей і жывёл,
Нават і кветцы ўсміхнецца прыгожай,
А думкам гнятлівым знаходзіць адпор
У хаце, якую пакінулі дзеці,
І ўнукі з якой пайшлі ў жыццё, —
“Так хутка мінае ўсё ў гэтым свеце!
То беражыце сваё, каб было”.
09.11.2016
*Румакар — таблеткі ад болю ў нагах

Царква ў Востраве