У святочных цырымоніях і набажэнствах у Ватыкане прымаюць удзел людзі са 146 краін свету, у тым ліку і з Беларусі. Сярод удзельнікаў і малады каталіцкі святар родам са Слоніма Сяргей Гусар.
Брат Сяргей распавёў пра саму падзею і асабістыя ўражанні ад яе:

— Святая Брама ў базыліцы святога Пятра адчыняецца Папам толькі з нагоды Юбілею. Звычайна гэта першая брама, якую адчыняюць, і гэты жэст азначае пачатак Святога Года. Першае сведчанне аб гэтым абрадзе ў базыліцы святога Пятра адносіцца да 1500 года і звязана з імем Папы Аляксандра VI.
З гэтага моманту Брама застаецца адкрытай увесь Год, каб пілігрымы маглі праз яе праходзіць. Гэты жэст азначае не толькі тое, што тыя, хто прыбыў у Рым, у поўнай меры атрымліваюць індульгенцыю, звязаную са Святым Годам, але і тое, што шлях навяртання дасягнуў сваёй мэты — сустрэчы з Хрыстом, «Брамай», якая яднае нас з Айцом. Гэта Брама заўсёды адкрыта для таго, хто навяртаецца.

У гэтым годзе ў Рым на Юбілей моладзі прыбылі сотні тысяч маладых людзей з усяго свету. Таксама і з Беларусі вырушыла каля 300 маладых пілігрымаў, каб разам маліцца, праслаўляць Бога і перакрочыць парог святой Брамы ў Базыліцы святога Пятра ў Ватыкане.
Папа Леў XIV падчас першай афіцыйнай сустрэчы заахвоціў усіх, хто прыбыў у Рым у гэтыя дні, знаёміцца паміж сабой, знаёміцца з горадам, даваць сведчанне сяброўства і любові і, перадусім, маліцца аб супакоі ў свеце. Сотні тысяч маладых людзей разам з Папам скандзіравалі на плошчы святого Пятра: «Мы хачам міру!», даючы, такім чынам, пасланне ўсяму свету, што сэрцы хрысціянаў напоўнены жаданнем таго, каб там, дзе бушуюць войны, з’явіліся згода і супакой.


Маладых пілігрымаў чакае таксама насычаная і вельмі цікавая праграма: споведзь і крыжовая дарога ў Калізеі, наведванне розных выставак і канцэртаў, слуханне сведчанняў і іншае.
Галоўным пунктам сусветнага Юбілею будзе начное малітоўнае чуванне з Папам Львом у Тор Вергата ў суботу, 2 жніўня, на якім чакаецца каля 1,5 мільёна маладых католікаў.
Вельмі радасна ад думкі, што моладзь з розных гарадоў Беларусі можа ўдзельнічаць у спатканні сусветнага маштабу.