«Творца стварыў творцу». Размова з вядомым мастаком са Слонімшчыны Міколам Бушчыкам

GS.BY
Мікола Бушчык у сваёй майстэрні каля аднаго з твораў

Мікола Уладзіміравіч жыве на сваёй зямлі, у доме, дзе кожны метр дыхае фарбай і святлом. У гэтым доме ўсё зроблена рукамі і душой — кветкі на падаконніках, карціны на сценах, цішыня, у якой чуваць дыханне мастака.

Мікола Бушчык — чалавек, які не толькі малюе свет, але і глядзіць на яго праз прызму колеру, святла і гармоніі. Ён не проста стварае карціны — ён жыве ў іх.

Дом і сям’я мастака

Жыве мастак у раскошным двухпавярховым катэджы і кажа з усмешкай:

— Мне такое жыццё ўжо Гасподзь дазволіў.

Кветкі на падаконніках ён высаджвае сам, а таксама дапамагаюць добрыя людзі. У кожнай дэталі яго дома адчуваецца спакой і лад. На сцяне — партрэт мастака, намаляваны дачкой Паўлінкай на дзень нараджэння.

— Паўлінка — мілае Божае дзіця і маё, — з такой цеплынёй кажа пра дачку мастак.

Сын Андрэй названы ў гонар Андрэя Першазванага, Сяргей — бо вельмі падабалася імя Сяргея Ясеніна, а дачку назваў Паўлінкай — у гонар купалаўскай гераіні, той самай Паўлінкі.

Партрэт Міколы Бушчыка, намаляваны яго дачкой Паўлінкай у падарунак на дзень нараджэння
Сыны мастака — Андрэй і Сяргей

Увесь дом Міколы Бушчыка ўвешаны карцінамі — усе яны розныя, у кожнай свой настрой, свой рытм і дыханне. Мастак жыве ўнутры свайго свету, поўнага фарбаў, святла і цішыні, дзе ўсё гаворыць без слоў. Ён жыве ўнутры сваіх карцін, адчувае свет не словамі, а колерам.

У яго калекцыі ёсць творы, якія чалавеку без мастацкай падрыхтоўкі зразумець няпроста. Напрыклад, мой позірк спыніўся на карціне, дзе я ўбачыла спакойныя гарызантальныя лініі. «Цікава, што адчувае майстар, калі піша такую карціну?» — падумала я і задала яму гэтае пытанне.

І вось што ён адказаў:

— Трэба столькі разумець, каб убачыць тое, што бачыш. Колькі б мастак ні расказваў пра гэта, ён усё роўна не зможа да канца перадаць.

І сапраўды — карціну трэба не толькі разглядаць, а адчуваць сэрцам, бачыць свет не словамі, а колерам.

Мікола Бушчык родам са Слонімскага раёна, з аграгарадка Дзераўная, дзе працуе народны музей, у якім ёсць і куток, прысвечаны яго творчасці. Там, у Дзераўной, застаўся і бацькоўскі дом мастака.

Мікола Уладзіміравіч жыў у Краснадары — пераважна з прычыны стану здароўя свайго і маці. Родныя маці паходзяць з Краснадара, кубанскія казакі, а па бацькавай лініі ўсе — са Слонімшчыны. У Краснадары ён скончыў вучылішча і пасля марыў вярнуцца ў Беларусь.

— У дзяцінстве, калі мяне прывозілі сюды, то большага жадання, дзе я хацеў бы жыць, не было. І свой далейшы лёс я намагаўся ствараць тут.

Яму прапаноўвалі жыць у Еўропе, але ён выбраў Беларусь і цяпер з задавальненнем жыве на радзіме.

— Я не мог больш за месяц вытрымліваць на чужой тэрыторыі. Ёсць месца, дзе мне больш ладна для маёй душы, маёй працы і, як я лічу, для маіх дзяцей. Мая Радзіма — Беларусь. Мая краіна — гэта мая айчына, мая мова, хаця я да яе прыйшоў у дарослым узросце — гэта мова, якая суладная з нашай прыродай, нашай веліччу, воблакамі, узыходамі, нашым непякучым сонцам.

Калі я папрасіла мастака расказаць пра сябе, ён не стаў шмат тлумачыць — проста падышоў да стэнда з надпісам «Прастора эмоцый / Space of Emotions» і ціха сказаў:

— Вось тут усё.

На стэндзе — даты, месцы, пасады. Афіцыйна — біяграфія: нарадзіўся ў Дзераўной Слонімскага раёна, вучыўся, выкладаў, удзельнічаў у выставах, ствараў творчыя аб’яднанні.

Але калі глядзіш на яго карціны, разумееш: сапраўдная гісторыя мастака — не ў радках і не ў датах. Яна — у фарбах, у тым, як ён адчувае святло, цішыню і прастору.

Далей ён гаварыў пра тое, што для яго жыццё, мастацтва і Бог — гэта адно цэлае:

– Калі Таццяну Чарнігаўскую спыталі, дык каго ж стварыў Творца ў вобразе чалавека, яна адказала: «Я шмат разважала пра гэта і ўрэшце прыйшла да высновы, што Творца стварыў творцу». Мы ж нездарма завёмся дзецьмі Божымі. Ёсць Бог, а мы — Яго праваднікі на гэтай планеце, як дзеці. Мае праваднікі — мае сыны. Адзін жыве ў Канадзе, другі — у Маскве. Яны нясуць тое, чаму я іх вучыў, што я ў іх уклаў.

Гэтаму рамяству можна навучыць?

— Навучыць можна толькі, як быць у тым атачэнні, дзе ты нарадзіўся, ці апынуўся, ці куды прыехаў. А што тычыцца дара Божага – гэта таленты. З гэтым чалавек нараджаецца, толькі ўмовы жыцця альбо даюць гэта раскрыць паводле яго яшчэ энергіі і таленту, альбо не даюць. Ён можа так і згаснуць у ім. Ні адно дзіця не нараджаецца без таленту. Да 7-8 гадоў яны яшчэ пра гэта помняць і намагаюцца, а некаторыя і далей. І тыя, хто далей, на ўсё жыццё тым больш, гэта якраз тыя, хто памятаў, нашто яны нарадзіліся, і спраўдзілі гэта. Тыя, якія апынуліся ў абставінах, што гэта немагчыма, значыць, не атрымалася, будзе ў наступным жыцці.

– Мікола Уладзіміравіч, а калі Вы адчулі, што ў Вас ёсць гэты талент?

— Я проста жыў з ім, і ўсё. Можна адчуць радасць, боль, страту, можна адчуць крыўду, можна адчуць да сябе добразычлівасць, дабрыню. А талент адчуць нельга — ён або ў табе ёсць, або яго няма. Калі ты за нешта бярэшся і робіш, больш удасканальваешся — значыць, ты ідзеш па гэтай дарозе.

— Відаць, ёсць унутраная цяга да малявання, паэзіі і гэтак далей?

— Гэта і ёсць дар Божы.

— А ў Вас калі дар Божы праявіўся?

— З самага маленства я больш за ўсё любіў маляваць. Мне заўсёды тата з мамай куплялі алоўкі, альбом у мяне заўсёды быў. Маляваў, маляваў, перамалёўваў усё, што мне цікавае трапляла на вочы.

— Што больш цягнула маляваць?

— Усё, а не асабліва нешта. Таму я стаў мастаком, вучыўся на гэтую прафесію.

Чалавек выбірае сам свой лёс. Я маю на ўвазе добраспрыяльныя магчымасці. Чалавек імкнецца, яму даецца. Як кажуць: хто стукае, таму адчыняюць. Таленты Гасподзь дае нам. Хто такі Творца ці колькі іх там, хто рупіліся над табой, нам не дадзена ведаць. Не ведаем, таму што нам даецца вялікі дар волі сваёй, па сваёй волі і прызнаем. А значыцца, над намі ніхто не вісіць, як над нашымі памкненнямі. І гэта вялікая чалавечая сіла, моц ягоная.

Як казалі Опцінскія старцы, якія мудрасцю займаліся, не займаючыся нічым іншым, акрамя малітвы і мудрасці: чалавеку Гасподзь дае два крылы: адно крыло — воля Божая, другое крыло — воля свая. Таму ён ляціць па жыцці.

— Але не ўсім удаецца ляцець.

— Хто як імкнуўся, так яму і даецца. Хто імкнуўся «ладком пажыць», значыць, страціць памкненне, а хто імкнуўся на тое, дзеля чаго ён прыйшоў у гэты свет, таму прыходзіцца ў жыцці шмат ад чаго адмаўляцца, шмат да чаго імкнуцца і прыцягваць да сябе, і гэта няпроста. Вазьміце хоць любога мастака, хоць вучонага, хоць кампазітара — калі ты ў гэтым рушыш, і табе Гасподзь дае магчымасці здольнасцей і таленту. Талент — гэта адоранасць плюс бясконцая праца. А калі дасягаеш вельмі высокага ў таленце, табе даюцца адкрыцці. А гэта ўжо геній адкрываецца ў чалавеку.

— Не ў кожнага атрымліваецца шмат працаваць і стаць геніем.

— А нашто каб кожны? А хто б тады спраўджваў такі талент, як зямлю араць, па небе лятаць, па марах плаваць, а хто б тады сады садзіў?.. Ёсць людзі, якім скажы: «Хочаш, я цябе на мастака ці на кампазітара навучу?» Ён кажа: «Не, я лепей сад садзіць буду — гэта маё, я з гэтым нарадзіўся…» На ўсё трэба мець здольнасць і талент.

— Мікола Уладзіміравіч, колькі карцін Вы напісалі за сваё жыццё?

— Алеем — больш за 1300, акварэлямі — пад 400. Пішу, пішу і занатоўваю тое, што раблю. Гэта дапамагае рухацца і нават акрэсліваць, колькі ж ты прайшоў. План — гэта парадак твайго жыцця, твая воля. А тое, як табе даецца, і нават калі цяжка і трэба адкрываць нешта і перасільваць, — гэта другое крыло, якое завецца воля Божая. Калі Творца бачыць, што ты вельмі стараешся, Ён дае табе другое крыло. Гасподзь тут жа дае: сіла касмічная тут жа прыходзіць.

— Вы верыце ў касмічную сілу?

— Я не веру, я ведаю гэта. Дзякуй Богу, я магу не толькі верыць, але і ведаць. Вера як спадзяванне. Вера, Надзея, Любоў – тры іпастасі, а іх маці Сафія — мудрасць. Трэба быць даволі мудрым, каб спраўдзіць праз веру ў сябе і сілу касмічную і прыйсці да надзеі, што гэта здзейсніш, і каб досыць было любові, каб гэта атрымалася. Каб ты стаў тым, каго назавуць мудрым, разумным, спраўджаным, суперталентам ці геніем. Я проста ведаю, і ў мяне ёсць шмат сведчанняў у жыцці, што гэта так.

— Раскажыце хоць пра адно сведчанне.

— Само маё жыццё. Я столькі напрацаваў, і ўсё гэта разышлося па ўсім свеце, па розных музеях, калекцыях. Людзі з задавальненнем цягнуцца да гэтага.

— Вашы карціны знаходзяцца ў музеях і сусветна вядомых галерэях Францыі, Германіі, Даніі, Польшчы, Галандыі і іншых краінах. Што для Вас значыць прызнанне за межамі Беларусі?

— Для мяне гэта значыць, што я не толькі для сваёй вёскі ці горада цікавы чалавек. Тое, што я раблю, патрэбна не толькі сотням людзей, але мноству. І мне гэта цікава, і я зраблю яшчэ.

— Што для Вас жывапіс?

— Гэта прага працаваць у гэтым, працаваць фарбай, вобразамі. І калі тое, што спраўджваецца і атрымліваецца, нават мяне задавальняе, — значыць, ёсць шмат людзей генатыповых і па розуме, і па характары, якія гэта прымуць. А значыць, будзе адказ. І я больш за ўсё разумею, што гэта вельмі цікава — увесь час знаходзіць, спраўджваць, паказваць, бачыць адказ. Гэта вельмі высокая энергетычная справа.

Мікола Уладзіміравіч распавёў, як яму па электроннай пошце прыслаў ліст доктар-кардыёлаг, дзіцячы хірург з Англіі, які з’яўляецца прадстаўніком арганізацыі «Дактары свету». Іх пасылаюць у складаныя кропкі на планеце, каб яны дапамагалі хворым людзям. І гэты доктар напісаў мастаку, што быў некалькі гадоў таму ў Беларусі, дзе правёў дзесяць аперацый дзецям на сэрцы.

«На вялікі жаль, дзве з іх аказаліся не для жыцця — не ўдалося выратаваць дзяцей. І я вельмі пакутаваў, настолькі, што, вяртаючыся ў Лондан, не знаходзіў спакою. Зайшоў у галерэю мастацтваў у Мінску і ўбачыў Ваш невялікі твор: космас, рух, воблакі і анёлы. Як убачыў — не мог адарвацца, адразу набыў гэту карціну і прывёз з сабой. Яна вісіць у маім рабочым кабінеце. І кожны раз, калі гляджу на яе, адчуваю, што гэта душы тых дзяцей, якіх я не змог выратаваць. У Вас на карціне гэта так пададзена, што ў мяне кожны раз сэрца ўздымаецца.
Я разумею, што гэтае намаганне было недарэмна. Ваша карціна дала мне аптымізм, і я цяпер зноў пачаў працаваць з аперацыямі, ратаваць дзяцей, бо два гады не мог узяцца за скальпель пасля гэтых выпадкаў», — напісаў доктар мастаку.

Такім чынам, Мікалай Уладзіміравіч дапамог чалавеку ў жыцці, у прафесіі.

— Мікалай Уладзіміравіч, што для Вас важней — прадаць карціну ці каб на яе паглядзелі?

— Хіба я з дзяцінства маляваў для таго, каб прадаваць? Я малюю таму, што мне хацелася гэта стварыць, намаляваць. Мастакі, паэты, кампазітары дапамагаюць вярнуць чалавеку яго розум, зразумець яго сапраўдную місію на зямлі, яго радасць на зямлі. Гасподзь дае нам жыццё для радасці. Апостал Павел так выказаўся пра мастацтва: «Мастацтва трэба ствараць у радасці і вясёласці сэрца». Я імкнуся да гэтага.

— Атрымалася?

— Пра гэта людзі скажуць.

— Вы часта згадваеце космас. Што ён для Вас?

— Космас — гэта перш за ўсё той розум, які ўсё стварае і ўсё ўладкоўвае, усё робіць, каб быў лад. Паглядзіце, які лад прыроды, якія поры года. У кожную пару — кожная расліна, дрэва, кветка, не кажучы ўжо пра жывёл ці чалавека, — кожны ідзе па сваёй разумнасці і прыгажосці гэтага тэрміну. А значыць, гэта добры лад, уздымальны лад, каб людзі адчулі яшчэ большую радасць — не толькі ад сонца, месяца, воблакаў, вады, паветра. Бог яшчэ запальвае вясёлкі на небе. Радуйцеся!

На просьбу даць параду маладым мастакам Мікола Уладзіміравіч адказаў так:

— Менш за ўсё ў жыцці люблю даваць парады. Можна толькі дзецям парады даваць. Будуй адно за адным так, як табе хочацца, але каб было ладна — і табе, і ўсім вакол цябе. Каб табе было цікава гэта рабіць і цікава бачыць вынікі сваёй працы. Тады ў цябе будзе радасць і лад і будзе гармонія не толькі з сабой, але і з усімі вакол.

Трэба імкнуцца да ладу. І не здраджваць свайму дару, які ты адчуваеш вельмі моцна. Не здраджвай сабе. Спадарожнікі знойдуцца, сябры — знойдуцца, знойдуцца і ворагі, але не збочвай. Рухайся наперад — і будзеш атрымліваць усё больш радасці з кожным часам і з кожным годам.

Мікола Уладзіміравіч задаволены сваім жыццём і сваімі дзецьмі, тым, што ім удаецца будаваць свой лад. Яго сыны таксама вядомыя творчыя людзі.

— Можа, і мая частка жыцця была для дзяцей. Можа, я, парады даючы ці выхоўваючы іх, дапамог ім.

 

Мастак Мікола Бушчык у сваім садзе

Мастак Мікола Бушчык каля свайго дома

 

Следите в Telegram Прислать новость

Оцените статью