У храме сабраліся жыхары аграгарадка і бліжэйшых населеных пунктаў — людзі розных пакаленняў: сем’і з дзецьмі, парафіяне сталага ўзросту, моладзь.
Пад вячэрнім небам драўляны касцёл святой Барбары выглядаў асабліва ўтульна. Унутры святыні панавала цёплая, спакойная і малітоўная атмасфера. Вернікі ў цішыні схілялі галовы, у кожнага былі свае просьбы і падзякі, свае асабістыя малітвы.
Касцёл быў святочна аздоблены да Божага Нараджэння: ёлкі з агеньчыкамі, батлейка са Святой Сям’ёй, гірлянды і калядны дэкор стварылі адчуванне хатняй цеплыні і духоўнага свята.


Падчас набажэнства ксёндз Дзяніс звярнуўся да прысутных са словамі віншавання і падтрымкі. Ён пажадаў вернікам Божага бласлаўлення, супакою і адзінства ў сем’ях:
– Дарагія браты і сёстры, хацеў бы павіншаваць усіх вернікаў з надыходзячым святам Божага Нараджэння. Божага бласлаўлення і патрэбных ласкаў для вас, вашых родных і блізкіх. Няхай гэты час будзе момантам спаткання з Панам Богам і са сваёй сям’ёй. Няхай Божае бласлаўленне і апека Святой Сям’і атуляе і бласлаўляе вас у штодзённым жыцці.

Вернікі ўдзячна ўспрынялі гэтыя словы, многія слухалі з хваляваннем і надзеяй. Імша стала для людзей не проста традыцыйным набажэнствам, а важным духоўным момантам, калі супольнасць магла аб’яднацца ў малітве перад вялікім святам Божага Нараджэння.