Наверх
Слоним
облачно с прояснениями
10 °C
Зельва
облачно с прояснениями
10 °C
Волковыск
пасмурно
10 °C
Мосты
пасмурно
10 °C
Дятлово
пасмурно
10 °C
Барановичи
небольшая облачность
8 °C
EUR 3.4633
USD 3.2354
RUB(100) 3.492
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 626 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 339,83 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 41 руб.
Базовая величина: 40 руб.
Ставка рефинансирования: 8,5%

Закапанае Вострава. Рэпартаж

26 апреля 2022 12:15
Поделиться:

Працуе экскаватар у Востраве

“Востравам вёска завецца ў нас, быццам на востраве хатаў чародка…” — гэта радок з майго верша “Разводдзе”, напісанага ў сярэдзіне 90-х гадоў XX стагоддзя, калі ў маёй роднай вёсцы Вострава Слонімскага раёна яшчэ былі жывыя многія гаспадары і іх хаты.

Вострава

Сёння ж я пачынаю свой рэпартаж з роднай вёскі з чэрвеня-ліпеня 2021 года, калі ў Востраве ўжо закапалі з дзясятак хат, гаспадароў якіх пахавалі значна раней.

У Канцы…

Вясковы крыж-абярэг у пачатку старога Вострава

Крыж-абярэг, які пакасіўся і нахіліўся набок пад сваім драўляным дахам, пачалі рамантаваць у чэрвені 2021 года пасля Тройцы. Пачалі… ды так і рамантаюць да гэтай пары. Кажуць, мала сабралі грошай, каб давесці справу да завяршэння.

Тут калісьці жыла баба Агата

Акурат у той час дайшла чарга да закопвання хатаў знакамітай калісьці мясцовай ткачыхі Агаты і яе суседкі Вольгі Ігнатовіч у канцы вёскі, каля скрыжавання, дзе стаіць гэты крыж-абярэг.

На вуліцы ў Востраве ў красавіку 2019 года

Вёска наша ўмоўна дзялілася на тры часткі: Канец, Грудок і Калюга. Так і пойдзем у гэтым рэпартажы: з Канца праз Грудок у Калюгу. З года 2022-га да 2018-га, калі ў мясцовых уладаў з’явіліся планы па навядзенні парадку на зямлі шляхам закопвання ў гэтую самую зямлю сядзібаў, якія засталіся без гаспадароў.

Тут стаялі хаты Агаты і Вольгі Ігнатовіч

Апошнімі па часе закапалі хаты цёткі Вольгі і бабы Агаты. Усё жыццё адпрацавала сялянка Вольга ў колішнім калгасе “Рассвет”. Жыла адзінока. На пенсіі ўжо выйшла замуж за анучніка са Слоніма, які вазіў на кані па вёсцы розныя дэфіцыты. Пераехала да мужа ў Слонім. Там і пражыла да самай смерці. Але хату сваю не прадала. Казала, хай будзе, каб было куды вяртацца… Вярнулася цётка Вольга ў Вострава на могілкі, а яе крайнюю ад дарогі на загуменне хату закапалі ў ліпені 2021 года.

Нумар Агацінай хаты

Побач з хатай цёткі Вольгі стаяла хата бабы Агаты. Акрамя таго, што Агата была ў свой час вядомай у раёне ткачыхай, людзі ішлі да яе, каб зняць перапалох у дзіцяці ці аблегчыць боль пры траўмах. Баба Агата была мясцовай шаптухай і знахаркай. Давялося і мне ў дзяцінстве звяртацца па яе дапамогу, калі пасля няўдалага скоку з вышыні ў горбу збожжа на калгаснай КЗС-10 я прабіў іржавым металічным прутам нагу і яна доўга не хацела загойвацца, балела і крываточыла, нягледзячы на ўсе захады нашай вясковай фельчаркі Валянціны Мікалаеўны.

Калгасныя палі і лугі за вёскай

Помню, як баба Агата агледзела маю нагу, прыклала свежым лістом трыпутніка, забінтавала, а потым шаптала свае малітвы-мантры, трымаючы нагу ў руках. На развітанне сказала маёй маці, што праз пару дзён нага загоіцца і не будзе мне больш дакучаць. Так яно і было… А гісторыю гэтую я ўзгадаў, калі магутны экскаватар руйнавай хату бабы Агаты ў ліпені 2021 года. Праўда, хата гэта пасля смерці гаспадыні стала калгаснай і ў ёй кватаравалі розныя дзівакі і дзівачкі. Ды з 2007 года няма таго калгаса. Няма больш і хатаў бабы Агаты і цёткі Вольгі. Іх закапалі ў адну магілу, а на месцы былых сядзібаў цяпер зелянее азімая рунь.

У пачатку вуліцы Снітко ў Востраве мінулым летам

Ідзем далей. Побач з закапанымі хатамі стаіць сядзіба ветэрана Другой сусветнай вайны нябожчыка Мікалая Лабара. Цяпер тут гаспадарыць яго ўнук Мікалай са сваёй жонкай. Побач са старой хатай Лабараў стаіць колішняя хата маёй суседкі Аляксандраўны. Былы начальнік мясцовага паштовага аддзялення пражыла ў Востраве 94 гады. Пасля смерці яе хату купіла пад лецішча дачка сацыяльнай нянькі Даны Яўхуты, старая хата якой стаіць насупраць праз дарогу. Гэта колішняя хата Пятра Сцецюкевіча, якую таксама прадалі калгасу пасля смерці гаспадароў.

Старая хата Дарафейчыкаў

Побач з хатай Сцецюкевічаў — хата Юрыкаў па мянушцы Гусарыкі. Таксама пакуль жылая, хоць і не пры самых лепшых новых гаспадарах. Насупраць праз дарогу — мая родная хата, якая страціла гаспадыню вясной 2020 года.

Па гэты ж бок вуліцы стаіць па суседстве недаразабраная хата цёткі Нюсі, далей — пустая хата Варонаў, а праз дарогу — пустая хата маіх цёткі Ніны і дзядзькі Валодзі Пішчукевічаў. Цётка Ніна і мая мама Таццяна былі роднымі сёстрамі з роду Карпачоў.

Тут была хата Ганны Крупка

Такім чынам мы падышлі да наступнай закапанай у Востраве хаты — хаты Ганны Крупка, якая стаяла па суседстве з хатай Пішчукевічаў. Ці не найлепшая працаўніца ў калгаснай паляводчай брыгадзе, цётка Ганна ніколі не была замужам. У яе хаце нейкі час жыў да сваёй смерці брат, які вярнуўся ў сталым узросце ў роднае Вострава з Расіі, каб тут памерці.

Гаспадыня гэтай хаты доўга хварэра і страшна памірала. Так сталася, што незадоўга да сваёй смерці Ганна Крупка і мая мама ляжалі-лячыліся разам у Міжэвіцкай бальніцы. Маці потым расказвала, як цётка Ганна крычала ў сваёй палаце ад болю і ўсё паўтарала, звяртаючыся да самой сябе: “Калі ты ўжо здохнеш?.. Калі ты ўжо здохнеш?..” Пахавалі Ганну Крупка за кошт калгаса. На той час колішні наш калгас “Рассвет” ужо быў аб’яднаны з калгасам “Міжэвічы”, які летась быў аб’яднаны з калгасам імя Дзяржынскага.

Тут закапана хата Ганны Крупка

Што да хаты цёткі Ганны, то яна прастаяла адзінокай да вясны 2019 года. Каля гэтай хаты была калонка, да якой часта даводзілася хадзіць па ваду. Водаправодная вада ў Востраве вельмі чыстая і смачная. Але калонку тую ліквідавалі, бо за ваду з яе не было каму плаціць. Спачатку закапалі калонку, а потым і хату цёткі Ганны.

Яшчэ не закапаная хата Ганны Крупка

За хатай цёткі Ганны стаіць пустая хата дзеда Данілы Юрыка. Ёй цяпер апякуецца Данілаў зяць Мікалай і яго дачка Каця, якія жывуць у вёсцы Засімавічы. Яшчэ адна Данілава дачка жыве ў Слоніме, а старэйшая — з сям’ёй у Кіеве, калі яшчэ жывая.

Побач з Данілавай стаіць хата майго аднакласніка Сяргея Карпача, які пасля смерці бацькоў прадаў яе Але Атрашко (Скурат). Сам Сяргей жыў у Слоніме і памёр ад каранавірусу ў чэрвені 2021 года. Пахаваны на мясцовых нашых могілках побач з бацькамі.

Праз дарогу ад Карпачовай стаіць хата колішняга калгаснага конюха Мікалая Ляшэвіча, у якой цяпер жыве яго ўнук Валерык Зайка.

На былой сядзібе

Далей, побач з хатай Ляшэвічаў, стаяла хата дзеда Васіля, былога калгаснага пастуха, і яго жонкі Ліды па мянушцы Буранькая. Спачатку памёр дзед Васіль. Цётка Ліда яшчэ доўга жыла пасля яго смерці адна… Хату Буранькай, якая аказалася нікому не патрэбнай пасля яе смерці, закапалі незадоўга перад пахаваннем хаты Ганны Крупка ў 2019 годзе.

У былой хаце

За хатай Буранькай стаіць апусцелая пасля смерці гаспадара хата Паўла Варанько. Ёй апякуецца дачка Паўла Наташа, якая жыве тут жа ў Востраве ў аграгарадку.

За хатай Паўла стаяла хата ўдавы Ніны Расол, якая да пенсіі працавала даяркай на калгаснай ферме. Пасля яе смерці хата аказалася таксама нікім не запатрабаванай і была часткова разабрана на будматэрыял і дровы вяскоўцамі, а астатняе закапалі ў зямлю. Такі ж лёс напаткаў суседнюю хату колішняга падпольшчыка ў часы Другой Рэчы Паспалітай Змітрука. Суседнюю з ёй хату Бернача паспелі разабраць яшчэ да таго часу, калі ўлады дадумаліся закопваць пакінутыя хаты.

Тут калісь стаяла Берначова хата

Побач з былой Берначовай сядзібай адзінока стаіць даўно пустая Гальгова хата. Ёй цяпер апякуецца ўнук былога гаспадара Віктар, які жыве ў Востраве ў аграгарадку.

На месцы былой Змітруковай хаты

А цяпер ад закапанай хаты Ніны Расол пяройдзем пра вуліцу — там стаіць хата маці сябра майго дзяцінства Валодзі Чаркеса цёткі Веры. Цётка Вера вясной і летам жыла ў сваёй хаце, а на зіму перабіралася да сына ў аграгарадок. Валодзя пасля ўсіх калгасных аб’яднанняў працуе трактарыстам на “Амкадоры” ў саўгасе “Ружанскі” суседняй Брэсцкай вобласці і марыць дацягнуць там да пенсіі. Яго жонка — санітарка ў Міжэвікай бальніцы. Дзеці ў іх ужо дарослыя і маюць свае сем’і.

На месцы былой хаты Дамановічаў

Побач з хатай Чаркесаў да вясны 2019 года стаяла вялікая, на два канцы, хата Дамановічаў. Аднак пасля смерці гаспадароў хата іхнімі нашчадкамі таксама была не запатрабаваная. Маладзейшы з гаспадароў гэтай хаты Іван Дамановіч, Ваня, працаваў у “Рассвеце” токарам. Ён захварэў на рак спіны і рана памёр. У яго палавіне хаты мы, мясцовая моладзь, часта збіраліся за бяседным сталом, бо Ваня пасля разводу з жонкай і вяртаннем на радзіму жыў адзін.

Закопваюць хату Дамановічаў у красавіку 2019 года

Калі закопвалі гэту хату, а землякі разбіралі сабе бярвенні і дошкі з яе, мне ўспомніўся летні перадвячорак з маладосці, калі я разам з Іванам Дамановічам прыехаў на нашым прыгарадным аўтобусе з Вострава ў Слонім. Ваня са Слоніма павінен быў ехаць на аперацыю ў Гродна. Відаць, настрой у яго быў дрэнны, далягаў боль, і зямляк вельмі прасіў мяне да адпраўлення яго аўтобуса на Гродна скласці яму кампанію ў чарачнай на вакзале. Мяне ў той вечар чакала ў Альбярціне жанчына, а назаўтра раніцай — урокі ў школе, дзе я працаваў настаўнікам. Як ні ўпрошваў Ваня выпіць з ім, я адмовіўся і хутка паехаў па сваіх справах. Аказалася, што жывым у той дзень я бачыў яго апошні раз… А пачуццё віны застаецца са мной і да сёння.

Алесіна хата

Ад хаты Дамановічаў па самы Грудок на гэтым баку вуліцы яшчэ ўсё стаіць у гушчары з розных дрэў-самасеек толькі хата Алесі. У свой час Алесін сын аформіў правы спадчыны на гэтую хату. Але дзе той сын цяпер, невядома. Ужо шмат гадоў будынкі на былой Алесінай сядзібе бярэ ў палон прырода.

На Грудку

Дарога на Грудок

Першая хата на Грудку па левым баку вуліцы — Ульяна і Зіны Юрыкаў. Цяпер яна стаіць закінутая і непатрэбная. Гаспадары і іх тры сыны — Коля, Пеця і Міша — памерлі. Усе пахаваны на нашых мясцовых могілках і не пакінулі на радзіме спадчыннікаў.

Хата Юрыкаў з рэштай адмысловага ганку

Са старэйшым на некалькі гадоў Мішам Юрыкам у дзяцінстве часта гулялі ў дурня і іншыя картачныя гульні на ганку яго хаты — такога адкрытага ганку больш не было ні ў кога ў Востраве… Цяпер гэты ганак разбураецца, дагнівае.

Далей старыя хаты па левым баку — Пішчукевічаў, Сцецюкевічаў — таксама нежылыя. Жывуць на Грудку цяпер па левым баку Віця Варона з жонкай у былой хаце Рэшкаў, якую купілі раней, ды ўдавец-пенсіянер Віця Крупка — па правым баку.

Яшчэ нядаўна па правым баку вуліцы на Грудку жылой была хата настаўніка-пенсіянера Сцяпана Паўлавіча Засімовіча і яго жонкі, шматгадовага фельчара мясцова ФАПа, Валянціны Мікалаеўны Альшэўскай. Але летась гаспадары выбраліся ў лепшы свет адзін за другім, а хатай цяпер апякуецца іх дачка Алена, якая жыве ў Слоніме.

Апошняй жылой хатай на Грудку застаецца па левым баку хата Марыі Лязерка, якая летась пахавала свайго мужа-старажыла Васіля. Іншыя хаты тут альбо пакінутыя на волю лёсу, альбо выкарыстоўваюцца як лецішчы.

У Калюзе

Выгляд з Грудка на Калюгу

Калюга пачыналася ад хатаў братоў Свістуноў. Адзін брат з сям’ёй жыў у бацькоўскай хаце па левым баку вуліцы, а другі — у сваёй па правым баку насупраць. Пасварыўшыся з-за нечага ў маладосці, Свістуны потым не размаўлялі адзін з другім да самай смерці.

У застойныя брэжнеўскія часы Савецкага Саюза ў кожнай частцы Вострава быў у людзей свой статак кароў. Адну калейку займалі гнаць на пашу ў Канцы, другую — на Грудку, трэцюю — у Калюзе. Але з развіццём развітога сацыялізму на адной шостай частцы зямной кулі кароў у Востраве станавілася ўсё менш. У дзяцінстве я спачатку займаў статак на пашу з Грудка, потым — ад Калюгі, а ўжо дарослым — з другога канца Калюгі, то бок з другога канца вёскі.

Былы ФАП у старым Востраве

На вясну 2022 года ў Калюзе на вуліцы Снітко ў Востраве жылой застаецца толькі хата колішняй настаўніцы пачатковых класаў былой Востраўскай васьмігодкі Марыі Іванаўны Бакавец. Пасля смерці мужа-пенсіянера, былога настаўніка гісторыі нашай школы Уладзіміра Сцяпанавіча Бакаўца, Марыя Іванаўна ўжо шмат гадоў жыве са сваім малодшым сынам Васілём.

Жыхар Вострава Васіль Бакавец вясной 2019 года

Пасля службы ў савецкім войску Васіль Бакавец вярнуўся ў родную вёску. Спачатку працаваў у мясцовым калгасе “Рассвет” шафёрам, потым слесарам, паляводам, жывёлаводам, пастухом. На нейкі час пераехаў у Слонім, ажаніўся. Там нарадзілася дачка. Аднак сямейнае жыццё не склалася, і пасля разводу з жонкай Васіль вярнуўся ў родную вёску да бацькоў. Цяпер яны з маці — адзіныя жыхары на ўсю Калюгу, калі не лічыць Свіную вуліцу. Васіль — сярэдні сын у сям’і Бакаўцоў. Старэйшы Уладзімір і малодшы Сяргей жывуць у Гродне.

“Я жыву на свеце, пакуль жыве маці…” — неаднойчы казаў мне пры сустрэчах у роднай вёсцы Васіль Бакавец. На працу ў сацыяльную службу па догляду за маці яго не ўзялі, хоць, натуральна, хатняя гаспадарка трымаецца на ім. Да пенсіі Васілю яшчэ гадоў пяць, калі не павялічаць пенсійны ўзрост. Жывуць маці і сын цяпер на яе настаўніцкую пенсію…

А далей ад іхняй хаты — усе пустыя. Некаторыя дзеці былых гаспадароў выкарыстоўваюць як дачы, але большасць — закінутыя.

Жылі ў Калюзе Петручэні, Дарафейчыкі, Скураты, Грыцэвічы, Лапкі, Крупкі, Цупрыкі, Пузыновічы, Радзівонікі, Мандрыкі, Давыдзёнкі, Яўхуты, Сніткі… Усіх і не ўзгадаю ўжо.

Свіная вуліца

Акрамя апісаных тут трох частак старога Вострава, ёсць яшчэ і чацвёртая — так званая Свіная вуліца. Пачынаецца яна ўлева ад закінутай цяпер хаты Грыцэвічаў і стварае скрыжаванне, на якім усталяваны досыць вялікі металічны крыж.

На скрыжаванні вуліцы Снітко і Свіной вуліцы ў Калюзе

На Свіной вуліцы жылі раней Ліхацэвічы, Карпачы, Вароны… Цяпер там засталіся жыць адна пенсіянерка-перасяленка з Чарнобыльскай зоны і адна мясцовая ўдава Ніна Варона.

Дарога напрыканцы Калюгі

Са Свіной вуліцы дарога вядзе ў бліжэйшы ад вёскі лес, дзе ў сезон заўсёды шмат грыбоў, а ў некаторыя гады — і гарэхаў. У дзяцінстве па гэтай вуліцы мы ехалі зімой на лыжах пакатацца ў лес на Лісіныя норы. Там я ўпершыню выпадкова скокнуў на лыжах з трохметровага кар’ернага абрыву і ўдачна прызямліўся. Як з трампліна…

Як з трампліна

У жыцці нас, ураджэнцаў Вострава другой паловы ХХ стагоддзя, чакалі жыццёвыя трампліны дзе заўгодна, толькі ў роднай вёсцы — вельмі рэдка.

З майго 8-га класа 1980 года выпуску Востраўскай васьмігодкі на радзіме засталіся (ці вярнуліся) жыць і працаваць толькі Пеця Варона з Вострава, Валя Трафімовіч з Новай Перавалокі, Толя Пішчукевіч са Старой Перавалокі і Люда Александровіч са свайго хутара паміж Старой Перавалокай і Востравам. Усе яны, акрамя Толі Пішчукевіча, які застаўся ў Старой Перавалоцы, жывуць цяпер у аграгарадку Вострава.

Аграгарадок — так сёння называецца новая вёска Вострава, пабудаваная на неўрадлівым калгасным полі ў эпоху вельмі развітога сацыялізму ды дапоўненая так званымі прэзідэнцкімі домікамі ўжо ў часы навейшай беларускай гісторыі.

За гэты час некаторыя мае землякі і зямлячкі паспелі папрацаваць у родным калгасе “Рассвет”, потым у калгасе “Міжэвічы”, да якога ў 2007 годзе далучылі “Рассвет”, а цяпер працуюць у калгасе імя Дзяржынскага, да якога летась далучылі стратныя “Міжэвічы”.

Хтосьці з былых механізатараў пасля ліквідацыі “Рассвета” перайшоў працаваць у раённую камунальную гаспадарку, як Сяргей Мандрык і Мікалай Захаркевіч. Нехта з жывёлаводаў, як мой аднакласнік са Старой Перавалокі Толя Пішчукевіч, нядаўна падаўся на жывёлагадоўчы комплекс у саўгас “Ружанскі”, што ў суседняй Брэсцкай вобласці. Там жа працуе былы наш калгасны шафёр Сцяпан Снітка. Прычына — большы заробак, які важна мець перад хуткай пенсіяй. Дый бясплатная дастаўка службовым транспартам з Вострава на працу і назад таксама мае значэнне.

А вось жывёлавод Уладзімір Яўхута, які ў свой час дабіваўся справядлівай аплаты працы яшчэ ў “Рассвеце”, а потым у “Міжэвічах” і нават выйграваў суды, папрацаваўшы на жывёлагадоўчым комплексе ў “Ружанскім”, вярнуўся працаваць дамоў.

Уладзімір Яўхута

— Няма нідзе справядлівасці. У “Ружанскім” спачатку больш-менш нармальна плацілі, але ў апошнія месяцы заробкі пайшлі ўніз. Кажуць, мы вам плацім за прывагу жывёлы. Але ж я кармлю жывёлу, прыбіраю за ёй, іншую працу выконваю па неабходнасці, а плацяць мне толькі за прывагу? Значыць, няма добрай прывагі — няма заробку. Але не я вызначаю рацыён для кароў і бычкоў, каб яны добра набіралі вагу, не я іх лячу, калі захварэюць. Дык спецыялістам, хто гэтым займаецца, заробак стабільны, а мне — толькі ад прывагі… Таму звольніўся адтуль, перайшоў у калгас Дзяржынскага, рамантую цяпер паілкі, — распавёў пры сустрэчы ў Востраве ў сакавіку Уладзімір.

Яшчэ раней давялося пагутарыць пра яго працу ў “Ружанскім” з сябрам дзяцінства Валодзем Чаркесам, які сёлетняй зімой пахаваў маці і хата якога ў старым Востраве таксама апусцела.

— Калі ў “Міжэвічах” справы пайшлі зусім дрэнна, перайшоў працаваць у “Ружанскі” на такі ж старэнькі “Амкадор”. Соўваюся там паціху. Вялікую нагрузку мая тэхніка не пацягне, то начальства надта і не нагружае. Заробак большы, чым тут быў, на працу завозяць і прывозяць. Да пенсіі яшчэ гадоў восем, бо на льготную трактарысты-экскаватаршчыкі цяпер не трапляюць, а ў мяне большая частка стажу — на экскаватары. Працую пакуль там, а далей паглядзім, як яно тут у нас пасля чарговага аб’яднання будзе, — казаў Валодзя, які, у адрозненне ад таго ж Сяргея Мандрыка ці Сцяпана Сніткі, ніколі не выязджаў з Вострава на заробкі далей за той жа “Ружанскі”.

А вось Валодзеў сын, якога бацька калісьці вучыў кіраваць калгасным трактарам, цяпер працуе дальнябойшчыкам у Еўропе. Як складзецца далей яго працоўны лёс у час, калі ідзе спецаперацыя Расіі ў суседняй Украіне — вялікае пытанне. Як і для некаторых іншых маіх маладзейшых землякоў, хто раней альбо пазней паехаў у блізкі і далёкі свет на працу. А наша пакаленне, калі меркаваць нават па маіх земляках з Вострава, хацела б дапрацаваць і дажыць да пенсіі дома. Але і гэта цяпер пад пытаннем.

Хаваюць хату

Што да закапанага ўжо старога Вострава, то зраблю тут пералік зніклых з зямлі і пад зямлёй хат: Вольгі Ігнатовіч, Агаціна, Ганны Крупка, Буранькай, Дамановічаў, Ніны Расол, Змітрукова, Берначова, Скуратова, Пузыновічаў, старая Крупкаў, Цупрыкава. Іх гаспадары таксама ўсе пахаваны на могілках аграгарадка Вострава. Так афіцыйна называюцца цяпер мясцовыя клады.

Яўхуцін хутар за вёскай

Напрыканцы хочацца яшчэ раз зазначыць, што сваё падарожжа я зрабіў толькі па вуліцы Снітко і Свіной вуліцы ў старым Востраве. У цяперашнім аграгарадку і ў Сямёнаўцы, якія таксама называюцца Востравам і дзе жывуць нашчадкі старога Вострава, таксама ўжо ёсць закапаныя хаты і ёсць што закопваць яшчэ.

У Міжэвіцкім сельвыканкаме мне паведамілі, што на 2022 год у іх запланавана пахаванне ў Востраве толькі адной хаты — былой згарэлай сядзібы Завадскіх на Паштовай вуліцы ў аграгарадку. У старым Востраве сёлета закопваць дамы не будуць.

…Востравам вёска завецца ў нас,
Быццам на востраве хатаў чародка…

Люты, сакавік 2022 года

Фота аўтара і з архіва аўтара

Наш канал в Telegram