Галоўным героем свята, вядома, стане каравай. Усе ахвотныя змогуць убачыць і каштаваць сапраўдныя паўлаўскія караваі, якія па праве ўключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Для гасцей арганізуюць вялікую выставу-дэгустацыю гэтых традыцыйных вырабаў, а таксама ўрачыстае адкрыццё фестывалю.

photo_2025-08-23_22-28-05
Паўлаўскі каравай. Фото: "Культура Слонімшчыны"

Акрамя таго, наведвальнікаў чакаюць інтэрактыўныя пляцоўкі з беларускімі народнымі гульнямі і танцамі. Тых, хто хоча паспрабаваць свае сілы ў творчасці, запрашаюць на майстар-класы. Там навучаць вырабляць традыцыйныя ўпрыгожанні для караваяў, а таксама пазнаёмяць з іншымі старажытнымі рамёствамі Слонімшчыны.

Не абыдзецца і без выставы вырабаў майстроў народнай творчасці і дэгустацыі традыцыйных народных страў. Для ўсіх, хто любіць рабіць прыгожыя здымкі, працуюць яркія фотазоны.

На свяце прагучаць песні ў выкананні народнага вакальнага ансамбля «Славяначка» і народнага ансамбля народнай песні «Жывіца». Спецыяльнымі гасцямі фестывалю стануць калегі — народны ансамбль песні «Уладары» з Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры.

Арганізатары запрашаюць усіх ахвотных далучыцца да свята, каб адчуць атмасферу сапраўднай беларускай гасціннасці і захаваных традыцый.