У суботу, 22 жніўня, Зэльва запрашае гасцей на традыцыйны Ганненскі кірмаш. Сёлетняе свята адзначае адразу дзве даты: 305 гадоў з дня першага правядзення (гісторыя кірмашу пачалася ў 1721 годзе) і 25 гадоў з дня яго ўзнаўлення.
Фота: "ПУЛ Зэльвеснкі"
Адкрыццё адбудзецца ў 12.00 на цэнтральнай плошчы тэатралізаваным прадстаўленнем «Віват кірмаш!». Далей гледачоў чакаюць канцэрт заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля танца, музыкі і песні «Белыя Росы» з Гродна, цырымонія ўзнагароджання перадавікоў жніва-2026 «Дажынкі» і выступленні зорак беларускай эстрады, паведамляе "ПУЛ Зэльвенскі".
Што чакае гасцей свята
Рамесная пляцоўка (цэнтральны сквер): выстава-продаж работ рамеснікаў, майстар-класы па традыцыйных відах рамёстваў, конкурс-пленэр «Саламяны цуд» і конкурс на спраўнейшага гандляра «Гандляр-аматар».
Гандлёвыя рады (вуліцы Савецкая, Акадэміка Жэбрака, Паркавая): аўтэнтычныя гандлёвыя лаўкі, прыватны гандаль і фудкорт.
Выставачная пляцоўка «Скарбонка талентаў» (каля Цэнтра культуры): музей пад адкрытым небам з лепшымі работамі творчых конкурсаў кірмашоў 2001–2025 гадоў.
Дзіцячая пляцоўка (вуліца Савецкая): атракцыёны, выступленні вулічных і цыркавых артыстаў, фокуснікаў і хадулістаў, тэатральныя спектаклі — у тым ліку «Тры кот. Па слядах Коржыка» і «У пошуках дыназаўраў».
Сельгаспадарчая пляцоўка (вуліца Перамогі): падворкі сельгасарганізацый, конкурс снапоў і бяспройгрышная латарэя.
Конная пляцоўка (паркавая зона): выстава коней, катанне і шоў-праграма коннага клуба «Троя» з Баранавічаў.
Спартыўная пляцоўка: міжнародны адкрыты турнір па гіравым спорце (10.00–17.00).
Вечаровая праграма
У 17.50 на цэнтральнай плошчы падвядуць вынікі кірмашовых конкурсаў, а ў 18.00 пачнецца вялікі канцэрт «Кірмашовы падарунак». Перад гледачамі выступяць калектыў «СКАВЫШ» і бойз-бэнд «MARIZMA» з Мінска, тэатр танца «Фантазія» з Брэста, артысты беларускай эстрады, а ў 22.00 — кавер-бэнд «Цені» з Гродна.
Закрыццё свята — у 23.30: гасцей чакаюць вогненнае шоў і танцавальная праграма, якая працягнецца да першай гадзіны ночы.