У нядзелю, 4 кастрычніка, гарадскі парк Слоніма напоўніўся музыкай і шчырымі ўсмешкамі. Тут адбылася чарговая сустрэча на традыцыйнай рэтрапляцоўцы для сталых людзей, якая на гэты раз набыла яркі народны каларыт.
Удзельнікі вечарынкі ў народным стылі. Фота: "Культура Слонімшчыны"
Мерапрыемства прайшло ў народным стылі. Стварыць асаблівы настрой наведвальнікам дапамаглі вядомыя песні беларускіх выканаўцаў. Вядома ж, не абышлося і без усімі любімай беларускай народнай полькі, пад гукі якой удзельнікі з задавальненнем аддаліся танцам, паведамілі ў аддзеле культуры Слонімскага райвыканкама.
Сапраўднай знакавай падзеяй свята стала прэзентацыя гімна рэтрапляцовак горада над Шчарай. Цікава, што стварыць гэты музычны сімвал дапамог штучны інтэлект. Аўтарамі і натхняльнікамі выступілі госці мерапрыемства з Баранавічаў.
Як заўсёды, арганізатары не забыліся і на самых актыўных удзельнікаў — для іх быў праведзены традыцыйны розыгрыш падарункаў.
Сустрэча прайшла ў атмасферы шчырага сяброўства і выдатнага настрою, яшчэ раз даказаўшы, што такія ініцыятывы дораць людзям сапраўднае свята душы.
У гэтую нядзелю, 11 кастрычніка, у гарадскім парку пройдзе чарговая сустрэча сталых слонімцаў. Гэтым разам — шалевая вечарынка. Пачатак — у 17 гадзін. Уваход свабодны.