– З чаго пачынаецца радзіма? З Брэсцкай крэпасці, з медалёў майго прадзеда за баявыя заслугі і за абарону Каўказа, з аповеду прабабулі пра выратаванне яўрэйскай сям'і, з велічнага помніка Льву Сапегу і яго славутых законаў, напісаных не нейкай чужой мовай, але сваёй роднай, з бабулінай казкі і малітвы, з першага «кахаю» і «дзякуй». Але перадусім радзіма пачынаецца з міру.
Мір — найпершая ўмова шчаслівага жыцця і годнага сталення. Для нас, выпускнікоў, яркіх, амбіцыйных, мэтанакіраваных, упэўненых, смелых, сённяшні дзень — гэта апошняя прыступка перад дзвярыма ў самастойнае жыццё. Калісьці, у 1941-м, для выпускнікоў, таксама яркіх, амбіцыйных, смелых і ўпэўненых, гэта быў апошні мірны дзень, а заўтра была вайна.
Дзякуючы нашым аднагодкам, якія ў той жахлівы час ахвяравалі сваёй маладосцю, сваімі марамі, першым трапяткім каханнем, самым дарагім, што ў іх было, — жыццём, у нас, выпускнікоў 2026 года, заўтрашні дзень мірны. Уласным гераізмам продкі здабылі нашаму пакаленню найважнейшае права — права выбару. Выбару таго, з чым звязаць лёс, як адпачыць улетку, дзе жыць, з кім сябраваць, якім чалавекам стаць. І ўжо наш абавязак — асэнсаваць сваю ролю на зямлі, хай нават самую сціплую і непрыкметную, бо толькі тады мы будзем шчаслівыя.
Шаноўныя выпускнікі! Няхай вашым рынгтонам на тэлефоне будзе знакаміты паланэз Агінскага як напамін аб старажытным Слоніме, дзе ён грае штодня апоўдні. Няхай ён стане для вас не сімвалам развітання з радзімай, а сімвалам сустрэчы з ёй. Бо вяртанне ў бацькоўскі дом, у родныя мясціны — гэта паход у будучыню.
Жадаю не паддавацца звычцы, прагнуць вялікіх мэт, жыць у пульсе часу, верыць у перамогу мудрасці і духоўнасці. Верыць у здзяйсненне мары пра тое, што ў будучыні, словамі пісьменніцы Валянціны Коўтун, «будзе горад светлы і прыгожы, там будзе многа сонца і жыцця, там будзе мір».
На змену дубам-дзядулям уздымаюцца тоненькія дубочкі, магутныя кроны якіх праз некаторы час зашумяць у дуброве жыцця. Такі галоўны закон вечнасці і неўміручасці. У добры шлях, новае пакаленне!